Ранейшую інструкцыю зацьвердзілі яшчэ ў 2007 годзе. Тую пастанову МУС № 205 падпісаў міністар Уладзімер Навумаў, на той час унесены ў сьпісы неўязных у Эўразьвяз як датычны да зьнікненьня вядомых апазыцыйных палітыкаў. Зьмены ў новай рэдакцыі інструкцыі падпісаў цяперашні міністар унутраных справаў Іван Кубракоў, на якога санкцыі наклалі за міліцэйскі гвалт падчас падзеяў 2020 году.
Агулам у інструкцыю ўнесьлі больш за 30 правак. Сярод зьменаў — падоўжаны да 45 гадоў тэрмін захаваньня матэрыялаў расьсьледаваньня няшчаснага выпадку на вытворчасьці. Раней такія матэрыялы захоўвалі 20 гадоў.
Падоўжылі і тэрміны расьсьледаваньня няшчасных выпадкаў на вытворчасьці. Калі раней расьсьледаваньне мусілі закончыць за 10 дзён, дык цяпер за 15.
Пашыраюцца паўнамоцтвы кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС у арганізацыі такога расьсьледаваньня. Цяпер тэрмін расьсьледаваньня можа прызначыць начальнік дэпартамэнту, а раней — толькі міністар. А начальнік абласной управы дэпартамэнту атрымаў паўнамоцтвы працягнуць расьсьледаваньне яшчэ на 15 дзён — раней такога права ён ня меў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень напісаў кнігу пра дэградацыю людзей у беларускіх калёніях і свой турэмны шлюб«Калі сам пра сябе не падбаеш, нікога гэта не абыходзіць»
Наколькі істотныя гэтыя зьмены, Свабода спытала былога палітзьняволенага Аляксея Кірэева, які ўлетку выйшаў з калёніі № 15, дзе адбыў паўтара года за «ўдзел у масавых беспарадках» у 2020 годзе. Аляксей Кірэеў — наладнік станкоў і аўтаматычных лініяў 6-га, найвышэйшага разраду. Да зьняволеньня ён працаваў на Менскім аўтазаводзе, а раней на Менскім гадзіньнікавым заводзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спалілі дзьве тачкі беларускіх кніг і ўсяго Оруэла». Былы палітвязень расказаў, што адбываецца ў калёніі пад Магілёвам«Праблемы з тэхнікай бясьпекі ў беларускіх калёніях тыя ж, што і на заводах, нават горшыя. Бо на заводах хоць ідзе нейкае абнаўленьне станкоў, а ў калёніі ўсё старое», — гаворыць Аляксей Кірэеў. У калёніі яму даводзілася рамантаваць рознае абсталяваньне — ад печаў да пілаў на тартаку і станкоў для вырабу цьвікоў. Паводле Аляксея, гэтаму абсталяваньню больш за 50 гадоў, таму працаваць на ім вельмі рызыкоўна. З адмысловых захадаў тэхнікі бясьпекі Алякспей згадаў толькі плякат у цэху, дзе вязьні ачышчалі ад ізаляцыі медныя драты.
«Там вісеў вялікі плякат ад Міжнароднай арганізацыі працы „Выконвай тэхніку бясьпекі!“ Але гэта ўсё. Толькі плян давай, а захадаў бясьпекі ніякіх. Нават рабочых пальчатак не даюць, працуй як хочаш. Калі сам пра сябе не парупіўся, нікога не абыходзіць, што ты мусіш нешта парушаць. У 13-м атрадзе мужчыну адрэзала пальцы на тартаку. І што? Нічога не зьмянілася. Зашылі руку і зноў працаваў. І нікога з адміністрацыі не пакаралі. А той вязень, як усе ў такіх выпадках, напісаў заяву, што „сам вінаваты, ад неасьцярожнасьці“. Гэтак у іх усе расьсьледаваньні заканчваюцца», — сказаў Аляксей Кірэеў.
Былы палітвязень мяркуе, што падаўжэньне тэрміну расьсьледаваньня няшчасных выпадкаў з 10 да 15 дзён у барацьбе з парушэньнямі правілаў бясьпекі на вытворчасьці ў калёніях нічога істотна ня зьменіць.
«Гэтак ім лягчэй зь бюракратычных прычын, вось і ўсё. Можа пабольшала здарэньняў, не пасьляваюць расьсьледаваць і даваць справаздачы, а каб што палепшала — у гэта ня веру. У 2014 годзе ў нас на МАЗе хлопцу галаву зацягнула ў станок, ён загінуў, але той выпадак здолелі схаваць. А вы хочаце, каб пра здарэньне ў калёніі стала вядома? Сумняюся. Калі да нас прыязджалі праверкі тэхнікі бясьпекі з дэпартамэнту, дык вязьням, якія працавалі на дратах і чысьцілі бутэлькі, выдавалі маскі, акуляры і пальчаткі, але як праверка прайшла, гэтую амуніцыю адразу забіралі да наступнай праверкі», — згадаў Кірэеў.
Статыстыка няшчасных выпадкаў на вытворчасьці ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі закрытая, як і ўвогуле статыстыка здарэньняў у беларускіх вязьніцах.
У 2024 годзе праваабаронцы з арганізацыяў «Прававая ініцыятыва» і Respect-Protect-Fulfill зьвярнуліся да спэцыяльных дакладчыкаў ААН з спавешчаньнем пра сучасныя формы рабства і сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У дакумэнце адзначана, што для зьняволеных у Беларусі ўзаконена прымусовая праца, людзі часта мусяць працаваць без выходных і з парушэньнем правілаў бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Караць ШЫЗА дазволілі ў паўтара раза даўжэй. Як новы закон пагоршыць умовы для беларускіх вязьняў