Аляксандар Лукашэнка прыняў даверчыя граматы амбасадараў дзевяці краін — Кітаю, Казахстану, Сэрбіі, Альжыру, Маўрытаніі, Бурундзі, Кувэйту, Дамініканскай Рэспублікі і Ўругваю.
Як адзначаецца на сайце Лукашэнкі, ён заявіў, што дыпляматы «неўзабаве самі змогуць пераканацца, наколькі беларусы гасьцінныя і міралюбныя».
«Нягледзячы на пагрозы і выклікі, якія павялічваюцца, дзьверы нашага дома заўсёды застаюцца адчыненымі. Красамоўнае сьведчаньне — бязьвізавы рэжым для грамадзян 35 эўрапейскіх дзяржаў, уведзены гэтым летам», — паведаміў Лукашэнка дыпляматам краін, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу і ня маюць візавых прэфэрэнцый.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для Беларусі «няма нядружалюбных народаў і другасных краін» і выказаў абурэньне з нагоды таго, што «мірная і сувэрэнная Беларусь у асобных захадных палітыкаў выклікае раздражненьне».
«Яны лічаць нармальным сваё аднабокае састарэлае ўспрыняцьце сьветапарадку, дзе ёсьць людзі першага і другога гатунку. А калі нехта ня згодны зь іхным пунктам гледжаньня — душаць санкцыямі і рознымі абмежаваньнямі. Менск з такой несправядлівасьцю сутыкаецца ўжо шмат гадоў, практычна ўсю сувэрэнную гісторыю. Тым ня менш мы бяром на сябе сьмеласьць праводзіць самастойную палітыку, унутраную і зьнешнюю. І заўсёды адстойваем сваю пазыцыю, якая грунтуецца на міжнародным праве і справядлівасьці», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі Вугоршчыны і Сэрбіі, якія падтрымліваюць кантакты з афіцыйным Менскам
З усіх краін, дыпляматы якіх пачынаюць працаваць у Беларусі, толькі Сэрбія зьяўляецца кандыдаткай на ўступленьне ў Эўразвяз.
У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЭЗ супраць Менску, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаваньняў. У канцы студзеня 2022 году беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сэрбію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно падоўжана да канца 2024 году.
Пры гэтым Сэрбія 25 кастрычніка 2019 году падпісала пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумэнт набыў моц 10 ліпеня 2021 году.