Сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Зь іх 30 чалавек прызнаныя палітвязьнямі, яны цяпер у зьняволеньні.
Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану.
Іх у Беларусі судзілі паводле артыкулаў «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (арт. 368), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342), «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), «распальваньне варожасьці» (арт. 130), «хуліганства» (арт. 339), «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці» (арт. 341), «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт 179), а таксама паводле артыкулаў «агентурная дзейнасьць» ( арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358).
Імёны ўсіх палітзьняволеных іншаземцаў і тэрміны, якія ім прысудзілі, праваабаронцы сабралі тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «шпіянаж» у Беларусі асудзілі яшчэ аднаго іншаземца, — праваабаронцы- Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 2020 году ў палітычных справах у Беларусі за «шпіянаж» асудзілі трох іншаземцаў — грамадзяніна Польшы Томаша Бярозу (яму прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня) і ўкраінцаў Андрэя Шмая (прысуд невядомы) і Натальлю Захаранку (прысудзілі 9 гадоў зьняволеньня; у канцы чэрвеня яе вызвалілі зь беларускай турмы ў рамках абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай).
- У 2022–2023 гадах контравыведка КДБ Беларусі затрымала 16 іншаземцаў, заявіў старшыня КДБ Іван Тэртэль 20 лютага на пашыранай нарадзе Лукашэнкі з кіроўным складам сілавых органаў.
- 24 чэрвеня Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Суд прызнаў яго вінаватым паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх арт. 358-1 (агентурная дзейнасьць). Пазьней Крыгер быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену зьняволенымі паміж Расеяй, ЗША і яшчэ некалькімі краінамі.
- У верасьні стала вядома пра затрыманьне ў Беларусі 50-гадовага грамадзяніна Японіі Масатосі Наканісі. Яму выставвілі абвінавачаньні паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасьць).