Адна з найбуйнейшых тытунёвых карпарацыяў сьвету, японская JT International, і яе брытанская дачка Gallaher Group скасавалі ліцэнзійныя пагадненьні зь беларускай кампаніяй «Тытунь-Інвэст», заўважыў партал «Белорусы и рынок».
Ліцэнзійная дамова «Тытунь-інвэст» з JT International дзейнічала з 2008 году, з Gallaher Group — з 2013 году. Паводле іх у Беларусі шмат гадоў выпускалі і прадавалі цыгарэты пад маркамі Winston, Camel, Sobranie і Monte-Carlo.
Прычыны скасаваньня пагадненьняў не называюць. Вядома, што ў сьнежні 2023 году кампанія «Тытунь-Інвэст» і яе саўладальнікі, набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы Павал Тапузідзіс і Віктар Пятровіч трапілі пад санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША. Амэрыканскае ведамства вызначыла тэрмін завяршэньня ўгодаў зь беларускім вытворцам да 2 лютага 2024 году.
Згодна зь інфармацыяй на сайце Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці, дамовы з абедзьвюма фірмамі страцілі моц яшчэ ў траўні. У беларускім офісе «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі» парталу «Беларусы і рынак» пацьвердзілі факт, што пагадненьні спынілі дзеяньне.
Наяўнасьць цыгарэтаў брэндаў карпарацыі ў штомесячных пераліках у офісе палумачылі патрабаваньнямі беларускага заканадаўства. Згодна зь імі, гэтыя зьвесткі могуць знаходзіцца на сайце Міністэрства падаткаў і збораў тры гады па заканчэньні году, у якім яны заяўленыя ці зьмененыя. Прычым рэшткі цыгарэтаў у гандлі ўраздроб пераацэньваюць. Гэта прывяло да таго, што ў жніўні «Тытунь-Інвест», ужо пасьля скасаваньня ліцэнзійнай дамовы, падняў цэны на пакінутыя на складах крамаў запасы цыгарэтаў маркі Camel, адзначае выданьне.
Гісторыя японскай карпарацыі ў Беларусі пачалася 25 гадоў таму. JT International стала першым з найбуйнейшых сусьветных тытунёвых гульцоў, якія лякалізавалі вытворчасьць сваіх брэндаў на тэрыторыі Беларусі. Адбылося гэта ў 2005 годзе, калі на магутнасьцях «Тытунь-Інвэст» запусьцілі ліцэнзійную вытворчасьць цыгарэт Monte Carlo і Magna, а ў 2006-2007 гадах пачалі выпускаць беларускія Winston і Сamel. Фабрыка «Тытунь-Інвэст» стала для JT International галоўнай пляцоўкай у Беларусі, дзе выраблялі прадукцыю зь яе брэндамі.
У 2008 годзе JT International зарэгістравала даччынае прадпрыемства ў Беларусі — «Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі».
У Расеі JT International засталася. Спачатку ў сакавіку 2022 году Japan Tobacco абвясьціла, што прыпыняе новыя інвэстыцыі ў свае 4 фабрыкі і маркетынгавую дзейнасьць на расейскім рынку, але ў лістападзе 2023 году паведаміла, што кіраўніцтва карпарацыі прыняло рашэньне, выконваючы ўсе правілы рэгуляваньня (як міжнародныя, так і расейскія), працягнуць свой бізнэс.
На думку экспэртаў, ня выключаны варыянт, што брэнды JT International зараз будуць завозіць у Беларусь з Расеі. Іншы магчымы варыянт — падпісаць ліцэнзійнае пагадненьне зь іншым вытворцам, які не трапляе пад дзеяньне міжнародных санкцыяў. Сёлета такімі кампаніямі сталі «Сентоні ПРА» і «Алідзі-Вест».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зарабляе дзясяткі мільёнаў фунтаў на кантрабандзе тытуню ў Брытанію, — СМІ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьявіўся яшчэ адзін вытворца цыгарэт, два іншыя знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі