Літва перадала ў Гаагу дакумэнты для прыцягненьня Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці

Ілюстрацыйнае фота

Урад Літвы 30 верасьня афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў. Пра гэта паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі.

Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду, гаворыцца ў паведамленьні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.

Адзначаецца, што «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» сабрала пераканаўчыя дадзеныя, якія пацьвярджаюць учыненьне гэтых злачынстваў найвышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтвам рэжыму ў Беларусі. Гэтыя зьвесткі перадалі ўраду Літвы для ацэнкі фактаў злачынстваў. Літоўскі бок прыйшоў да высновы, што ёсьць дастаткова падставаў меркаваць, што Лукашэнка і ягоныя саўдзельнікі робяць злачынствы супраць чалавечнасьці.

«Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у межах Рымскага статуту і зьвярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам у Беларусі. Мы ўдзячныя ўраду Літвы за прынцыповае рашэньне і дзеяньне. Сотням тысячаў пацярпелых, усім ахвярам рэпрэсіяў гэта дае надзею. Надзею на справядлівасьць, надзею на тое, што злачынствы не застануцца беспакаранымі. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да міжнароднай адказнасьці, рэпрэсіі — спыненыя. Усе незаконна асуджаныя павінны быць вызваленыя і рэабілітаваныя», — заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту, прэзыдэнт-элект Сьвятлана Ціханоўская.

«Створаны гістарычны прэцэдэнт, бо ўпершыню ў гісторыі Міжнароднага крымінальнага суду дзяржава — удзельніца Рымскага статуту перадала на разгляд Офісу пракурора сытуацыю ў дзяржаве, якая ня ёсьць удзельніцай гэтага статуту. Акрамя таго, упершыню ў фокусе ўвагі МКС будзе кантэкст маштабных міжнародных злачынстваў у Беларусі. І гэты крок, гэты прэцэдэнт і гэты працэс ужо нельга спыніць. Адказнасьць за гэтыя злачынствы непазьбежная. І тым важней, што гэта адбываецца ў гістарычны момант, калі права сілы спрабуе аспрэчыць сілу права. Паверыўшы ў сваё „права сілы“, аўтакраты і дыктатары спрабуюць перакроіць сьвет пад сябе. Але прыйшоў час для справядлівасьці і правасудзьдзя. Лукашэнка марыў увайсьці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. Ува ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзыдэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу», — падкрэсьліў намесьнік кіраўніцы Кабінэту, кіраўнік НАУ Павал Латушка, які сёньня прыехаў у Гаагу.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікаюць краіны — удзельніцы Рымскага статуту падтрымаць намаганьні літоўскага боку і агульнае імкненьне ўсіх беларусаў забясьпечыць правасудзьдзе для соцень тысяч ахвяраў і прыцягнуць Лукашэнку й ягоных саўдзельнікаў да адказнасьці за злачынствы, якія ён учыніў і надалей чыніць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Сёньня Лукашэнка прыйшоў да нас зь ператрусам, мы вернемся да яго з ордэрам на арышт