Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Сёньня Лукашэнка прыйшоў да нас зь ператрусам, мы вернемся да яго з ордэрам на арышт


Павал Латушка
Павал Латушка

«Лукашэнка сёньня зноў прыйшоў да нас. Да многіх з нас нават бяз ордэраў на ператрус. Але мы вернемся да яго з ордэрам на арышт. Адказнасьць немінучая», — заявіў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.

«Здраднік дзяржавы — гэта ён. Тэрарыст і экстрэміст — ён. Ваенны злачынец — таксама ён, грамадзянін Лукашэнка. Мы ня спынімся. Мы працягваем дзейнічаць», — сказаў Латушка, камэнтуючы на сваім youtube-канале новую «справу Каардынацыйнай рады».

Палітык нагадаў аб перадачы ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялаў з доказамі датычнасьці Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

«У нашым распараджэньні папкі з доказамі. Доказамі ўчыненых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў дачыненьні да беларускага народу, ваенных злачынстваў у дачыненьні да ўкраінскага народу, учыненых грамадзянінам Лукашэнкі і яго саўдзельнікамі. І гэтыя тэчкі ўжо знаходзяцца ў пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду, у пракурораў Генэральнай пракуратуры Украіны, у пракурораў многіх эўрапейскіх краін», — падкрэсьліў Латушка.

28 лістапада прайшла хваля ператрусаў па месцах беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, зьвязаных з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG