Група расьсьледнікаў Conflict Intelligence Team паведаміла, што на падарваным Украінай арсэнале ў Таропцы Цьверскай вобласьці былі прывезеныя пасьля рамонтна-тэхнічнага абслугоўваньня ракеты зь Беларусі.
Такім чынам расьсьледнікі пракамэнтавалі інфармацыю «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» пра тое, што незадоўга да ўкраінскай атакі на прылеглую да 23-га арсэналу станцыю Старая Таропа дастаўляліся боепрыпасы з 1562-й асобнай зэнітна-рамонтнай базы паблізу Асіповічаў.
«На зэнітных рамонтна-тэхнічных базах праводзяць абслугоўваньне ракет, у якіх замяняюць зношаныя кампанэнты, правяраюць працаздольнасьць усіх сыстэмаў ракет, — гэта беспасярэдны ўдзел у вайне беларускай прамысловасьці. Яны дапамагаюць рыхтаваць ракеты для Расеі, якія потым б’юць па Ўкраіне», — паведамілі аналітыкі.
Паводле іх, боепрыпасы з гэтага арсэналу прызначаліся для расейскай вайсковай групоўкі «Поўнач», адказнай за абарону мяжы ў Курскай і Белгарадзкай вобласьцях, а цяпер вайскоўцы падразьдзелаў гэтай групоўкі скардзяцца на недахоп снарадаў.
«Групоўка „Поўнач“, адказная за прыкрыцьцё мяжы, праводзіла контранаступ у Курскай вобласьці, яна вяла наступ у Харкаўскай вобласьці [...] і ў Белгарадзкай вобласьці адбівала дывэрсійныя атакі [расейскіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны]», — адзначылі аналітыкі.
Паводле іх, усё яшчэ няма поўнай інфармацыі аб маштабах пашкоджаньня гэтага расейскага арсэналу, — некаторыя гавораць аб зьнішчэньні 50%, а іншыя — 90% ад усіх збудаваньняў гэтага складу боепрыпасаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Цьвярской вобласьці Расеі эвакуацыя: пасьля ўдару дрона, як мяркуецца, загарэўся склад з «Іскандэрамі»
У ноч на 18 верасьня расейскія СМІ паведамілі пра канцэнтраваную атаку бесьпілётнікаў на горад Таропец Цьверскай вобласьці Расеі — мясцовыя ўлады паведамілі пра эвакуацыю насельніцтва з тэрыторыі, дзе працавала супрацьпаветраная абарона. Успыхнуў пажар.
Пазьней у інтэрнэце зьявіліся відэа гучных выбухаў і маштабных пажараў ад мясцовых жыхароў, якія паведамілі пра атаку на склад боепрыпасаў. Мясцовыя ўлады паведамілі, што пажар пачаўся «ў выніку падзеньня абломкаў БПЛА».
Крыніца Радыё Свабода ў Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведаміла, што штаб галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Міністэрства абароны РФ у Таропцы быў атакаваны бесьпілётнікамі СБУ, галоўнага ўпраўленьня выведкі і сілаў спэцыяльных апэрацыяў.
Паводле зьвестак крыніцы, на складзе захоўваліся ракеты для комплексаў «Іскандэр», апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Точка-У», зэнітныя ракеты і артылерыйскія боепрыпасы.
18 верасьня Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра нібыта зьнішчэньне 54 бесьпілётнікаў у шэрагу рэгіёнаў. Аднак пра сытуацыю ў Цьвярской вобласьці не паведамляла.
Кіеў сьцьвярджае, што ўдары па Расеі наносяцца па аб’ектах вайсковай, энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры, якія зьяўляюцца ключавымі для ваенных дзеяньняў Масквы.
Расейскія ўлады амаль ніколі не паведамляюць пра поўную шкоду, нанесеную ўкраінскімі ўдарамі.