Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Цьвярской вобласьці Расеі эвакуацыя: пасьля ўдару дрона, як мяркуецца, загарэўся склад з «Іскандэрамі»

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Бесьпілётнік у небе
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Бесьпілётнік у небе

У горадзе Таропец Цьвярской вобласьці Расеі ў выніку падзеньня абломкаў бесьпілётніка ўзьнік пажар, як мяркуецца, на складзе боепрыпасаў. Мясцовыя ўлады аб’явілі «частковую эвакуацыю» насельніцтва.

Як паведаміла ўкраінскай службе Радыё Свабода інфармаваная крыніца ў Службе бясьпекі Ўкраіны, дроны СБУ, галоўнага ўпраўленьня выведкі і сілаў спэцапэрацый Украіны ўначы нанесьлі ўдар па складзе галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны Расеі ў Таропцы Цьвярской вобласьці.

Паводле зьвестак крыніцы, на складзе, які «сьцерлі з твару зямлі», захоўваліся ракеты, прызначаныя для апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр», тактычных ракетных комплексаў «Точка-У», КАБ і артылерыйскія боепрыпасы.

«Дзеля бясьпекі жыхароў губэрнатар Цьвярской вобласьці Ігар Рудзеня прыняў рашэньне аб частковай эвакуацыі насельніцтва з тэрыторыі, дзе вядзе працу СПА і лякалізуецца пажар», — гаворыцца ў начным паведамленьні прэс-службы ўраду рэгіёну.

Дзе менавіта пачалося ўзгараньне, мясцовыя ўлады не ўдакладняюць. Прэс-служба зазначае, што сыстэмы СПА працягваюць адбіцьцё «масавага нападу бесьпілётнікаў у небе над горадам». На старонцы адміністрацыі горада «ВКонтакте» зьявілася аб’ява аб эвакуацыі ў горад Заходняя Дзьвіна.

Раней Рудзеня паведаміў, што ў Таропцы пасьля падзеньня абломкаў дрона пачаўся пажар, ратавальнікі прыступілі да яго тушэньня.

Тэлеграм-канал Shot са спасылкай на мясцовых жыхароў піша, што ў Таропцы быў чуваць характэрны гук бесьпілётніка, а потым раздаўся выбух. Тэлеграм-канал Astra публікуе відэа магутных выбухаў у Таропцы, якія нагадваюць дэтанацыю на складзе боепрыпасаў. Кадры, як мяркуецца, зьнятыя мясцовымі жыхарамі.

Вёска Цыкарава, якая знаходзіцца побач са складам боепрыпасаў у Цьвярской вобласьці, па якім, як мяркуецца, ударыў дрон, з прычыны пажару адрэзаная для эвакуацыі, людзі чакаюць дапамогі на беразе возера, лодак на ўсіх не хапае. Пра гэта Astra паведамляюць мясцовыя жыхары, таксама пра гэта пішуць сваякі жыхароў вёскі Цыкарава ў сацсетках.

Уначы 18 верасьня ўлады Бранскай, Смаленскай, Тульскай і Арлоўскай абласьцей Расеі таксама заявілі пра атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў. Агулам, як сьцьвярджаецца, над абласьцямі зьбілі 23 бесьпілётнікі, разбурэньняў і пацярпелых пры гэтым няма.

Мінабароны Расеі пазьней адсправаздачылася, што за ноч было зьнішчана 54 украінскіх дронаў. Зь іх 27 — над Курскай вобласьцю, 16 — над Бранскай, 7 — над Смаленскай, тры — над Белгарадзкай і адзін — над Арлоўскай. Пра Цьвярскую вобласць, дзе пасьля атакі дронаў гарыць і дэтануе склад з боепрыпасамі, ведамства не паведамляе.

Таропец — горад на захадзе Цьвярской вобласьці, ад яго да ўкраінскай мяжы прыкладна 460 кілямэтраў. Па стане на 2020 год у Таропцы жылі 11,4 тысячы чалавек. У самім горадзе і навакольлі, паводле адкрытых крыніц, разьмяшчаюцца некалькі вайсковых частак. Па адной зь іх украінскія дроны наносілі ўдар двойчы, сьцьвярджае тэлеграм-канал Astra — гэта было ў траўні і чэрвені 2024 году. Улады рэгіёну і Мінабароны Расеі пра гэта не паведамлялі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG