Беларускія мясьціны часта падпісваюць як Russland. Фота менскага Дому ўраду можна купіць за 1 эўра, а выява горадзенскай Фары Вітаўта пайшла за 320 эўра. Калекцыянэр зь Беларусі расказаў, як шукае старыя фота на інтэрнэт-пляцоўках.
«Што, мы, глыбачане, на паштоўку не зьбяром?»
Ягор* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) займаецца пошукам старых паштовак і фатаздымкаў больш за 10 гадоў. Найбольш яго цікавяць беларускія мясьціны, перадусім ягоны родны рэгіён — горад Глыбокае і суседнія вёскі і мястэчкі.
Захапленьне паляваньнем на старыя фота пачалося ў 2012 годзе. Тады Ягор убачыў, што дырэктар магілёўскага музэю Аляксей Бацюкоў зьбірае грошы, каб выкупіць Статут Вялікага Княства Літоўскага. Той каштаваў $45 тысяч.
Дзякуючы бізнэсоўцам і простым людзям гэты гістарычны дакумэнт удалося вярнуць у Беларусь.
Неўзабаве пасьля гэтага Ягор праглядаў сайт беларускага аўкцыёну ay.by.
«Гляджу, хтосьці прадае каляровую паштоўку пачатку ХХ стагодзьдзя, 1915 год, з Глыбокага. Гэтай паштоўкі дагэтуль ніхто з глыбоцкіх краязнаўцаў ня бачыў. Прадавец хацеў $85. Я падумаў: магілёўцы на Статут сабралі, што, мы, глыбачане, на паштоўку не зьбяром?» — успамінае суразмоўца.
Ён прапанаваў знаёмым скінуцца грашыма. Рэдкую паштоўку выкупілі і перадалі музэю. Дагэтуль вядома толькі пра два экзэмпляры такой выявы. Больш яна на аўкцыёнах не траплялася.
«Пакуль я жыў у Беларусі, амаль усё, што купляў, аддаваў глыбоцкаму музэю», — кажа Ягор.
Фота жаўнераў і паштоўкі з фронту
Старыя фота і паштоўкі Ягор шукае ў асноўным на дзьвюх заходніх пляцоўках. Першая — нямецкі Ebay. Там можна знайсьці шмат здымкаў, якія рабілі нямецкія жаўнеры ў Другую ўсясьветную вайну. А таксама паштоўкі з выявамі мясцовасьцяў, якія выдаваліся ў Першую ўсясьветную вайну — жаўнеры іх дасылалі сваякам з фронту.
«У Другую ўсясьветную ўжо было шмат фотаапаратаў у людзей. Многія нямецкія жаўнеры, ідучы на ўсход у 1941 годзе, фоткалі тое, што па дарозе трапляецца», — расказвае краязнаўца.
Другая пляцоўка, дзе ён шукае выявы, — польскі аўкцыён Allegro. Там можна знайсьці шмат рэчаў, зьвязаных зь міжваенным пэрыядам, а таксама парою да Першай усясьветнай вайны.
«Паштоўкі пастаянна вісяць у продажы. Час ад часу нейкія фоткі людзі зь сямейных альбомаў распрадаюць», — кажа суразмоўца.
У Польшчы, дзе цяпер жыве Ягор, ладзяць і офлайнавыя кірмашы старых паштовак. Там таксама можна знайсьці цікавыя артэфакты. Паляваньне на здымкі выглядае так, што краязнаўца раз на тыдзень заходзіць на гэтыя два сайты.
«Такой ужо рутынай стала. Кожны панядзелак заходзіш на Ebay, праглядаеш, звычайна нічога няма», — кажа суразмоўца.
Ключавыя словы — «Russland» і «Ostfront»
На Allegro ён звычайна шукае выявы па ключавых словах «Russland» (Расея) альбо «Ostfront» (Усходні фронт). Подпіс «Belarus» сустракаецца рэдка. Беларускія мясьціны на такіх сайтах звычайна акрэсьліваюць як расейскія.
«Вельмі часта прадаўцы падпісваюць памылкова альбо ўвогуле не падпісваюць. Я так аднойчы ўбачыў фотку: Ostfront, штаб роты. А гэта была гімназія імя Люблінскай уніі ў Глыбокім. Калі б я шукаў па запыце „Глыбокае“, я б яе дакладна не знайшоў», — кажа калекцыянэр.
На Ebay Ягор праглядае ўсе фота часоў Другой усясьветнай вайны.
Калі чалавек займаецца адным горадам ці невялікім рэгіёнам, ён ужо ведае, як даўней выглядалі на гэтай тэрыторыі цэрквы, касьцёлы, галоўныя вуліцы, — тлумачыць краязнаўца, як ідэнтыфікуюць выявы. — Да таго ж у сацыяльных сетках ёсьць суполкі краязнаўцаў, дзе можна параіцца.
«Ну што я, глыбоцкі касьцёл не пазнаю? Пазнаю. Аднойчы на расейскім аўкцыёне я бачыў фотку, дзе сквэр, некалькі драўляных дамоў, подпіс „Западная Белоруссия, 1941 год“. Дык я гляджу, нешта знаёмае. Параўнаў зь іншымі фоткамі таго ж месца — супадае. Гэта кавалак вулічнай забудовы ў Глыбокім. Думаю, я адзіны чалавек у сьвеце, які гэтае месца мог апазнаць», — дзеліцца ён.
Таксама калегі-калекцыянэры падказваюць адно аднаму, дзе бачылі фота з пэўнага рэгіёну, якія ім самім не цікавыя.
«Нават раней, чым я манітору сайт і ўбачу, хто-небудзь убачыць і скіне», — камэнтуе калекцыянэр.
Альбом за 650 эўра
Онлайн-аўкцыён выглядае так, што прадавец ставіць апошнюю дату і час, калі можна набыць артэфакт. Кожны робіць свае свае стаўкі. Той, хто прапанаваў найбольш, мае права выкупіць фота. Звычайна аўкцыён цягнецца тыдзень.
«Некаторыя робяць стаўку ў апошнія сэкунды, каб выйграць за кошт эфэкту раптоўнасьці», — дзеліцца лайфхакам Ягор.
Ён так ня робіць, бо звычайна набывае фатаздымкі за невялікія сумы. Апошнім часам набываў фота за 3,90, 6,50, 9,50, 10 эўра.
На Ebay фатаздымкі з Другой усясьветнай вайны каштуюць у сярэднім 10-15 эўра. Бывае і значна даражэй. Залежыць ад таго, як шмат прэтэндэнтаў на фота.
«За фоткі Горадні змагаюцца шмат калекцыянэраў. І яны часам прадаюцца за касьмічныя сумы. У той жа час за фоткі Глыбокага асабліва няма каму змагацца», — адзначае суразмоўца.
Аднойчы паштоўка Горадні часоў Першай усясьветнай вайны пайшла за 320 эўра. Там быў від на Фару Вітаўта.
Можна набыць старыя фота і за 1 эўра. Гэта, прыкладам, паштоўкі, якія выходзілі накладам у тысячы або дзясяткі тысячаў экзэмпляраў.
Самае дарагое, што Ягор набываў у складчыну, — альбом нямецкага лётчыка, які ваяваў на Першай усясьветнай вайне і рабіў фота на ўчастку фронту Паўночна-Заходняй Беларусі. Там быў адзіны аэрафатаздымак Глыбокага часоў Першай усясьветнай вайны, які да сёньняшняга дня вядомы. І суседнія мясцовасьці: Крулеўшчына, Параф’янава, Варапаева, Лынтупы. Альбом каштаваў 650 эўра.
Таксама Ягор купіў альбом часоў Другой усясьветнай вайны за 380 эўра. Там было 6 фота Глыбокага зь нябачанага раней ракурсу. Калекцыянэр плянуе забраць сабе толькі глыбоцкія выявы, а рэшту альбома зноў выставіць на аўкцыён.
«На самым пачатку нямецкай акупацыі на лузе на ўскраіне Глыбокага прызямліліся нямецкія выведныя самалёты. Людзі зьбегліся на іх глядзець», — расказвае ён пра каштоўныя выявы.
Калі прадаюць цэлы альбом, то на сайце могуць паказаць усе выявы, а могуць — толькі некалькі штук. Залежыць ад прадаўца.
«Калі на фотцы ёсьць самалёт ці танк, адразу цана ляціць у разы»
Лягчэй знайсьці выявы вялікіх гарадоў, дзе шмат людзей жыло або бывала. Таксама — зь мясьцін, дзе праходзіў фронт. Фота беларускага гораду часоў вайны ў сярэднім будуць каштаваць 100 злотых на Allegro, а з Варшавы ці іншага польскага гораду таго ж пэрыяду — могуць прадаваць за 5–10 злотых, тлумачыць суразмоўца. Паштоўка 1918 году з Паставаў з выявай касьцёла, пашкоджанага артылерыяй, пайшла за 320 злотых.
«У Першую ўсясьветную вайну вельмі добра задакумэнтаваныя мясьціны зь нямецкага боку фронту. Практычна з кожнай вёскі, дзе стаяў фронт, можна знайсьці паштоўкі», — тлумачыць Ягор.
У Другую ўсясьветную вайну шмат здымалі вялікія гарады, якія былі транспартнымі вузламі і празь якія праходзілі нямецкія войскі. Немцы часта фатаграфавалі браму каля памежнай заставы Коласава ля Стоўпцаў на былой польска-савецкай мяжы.
Фота Менску можна купіць амаль заўсёды на Ebay. Папулярныя віды — Дом ураду, опэрны тэатар. Іх прадаюць па 5–10 эўра. Часта трапляюцца здымкі абласных гарадоў.
Фатаграфіі, якія чалавек рабіў прыватна, звычайна ёсьць толькі ў адным экзэмпляры. Калі гэта фота з рэдкім відам, то яно мае вялікую каштоўнасьць, ня толькі грашовую, але і гістарычную.
Чым радзейшае фота, тым больш яно каштуе. Рэдкія фота — тыя, якія па 5–10 гадоў нідзе не зьяўляюцца. Шмат калекцыянэраў зьбіраюць фота з вайсковай тэхнікай.
«Калі на фотцы ёсьць самалёт ці танк, адразу цана ляціць у разы», — тлумачыць Ягор.
У калекцыі каля 200 паштовак і фота
У калекцыі Ягора ўжо каля 200 фатаздымкаў і паштовак. Каштоўнымі ён лічыць многія зь іх. Яны адкрывалі тыя мясьціны Глыбокага, якія рэдка траплялі ў аб’ектыў фатографаў.
«Калі я яшчэ быў вучнем школы, то чуў ад старых людзей, што паміж Параф’янавам і Сітцамі насупраць могілак стаяў каменны крыж. У 1960-я гады Саветы пашыралі дарогу, гэты крыж закапалі пад яе. Я ніколі ня марыў, каб фотку гэтага крыжа знайсьці. І раптам у адным з варшаўскіх антыкварыятаў мне гэтая фотка трапілася. Там быў вядомы фатограф Ежы Дулевіч, які гэты крыж сфоткаў», — расказвае калекцыянэр.
Нядаўна ён купіў фота, дзе немцы з коньмі ідуць па мосьце, а коні цягнуць гарматы. Выява была непадпісаная. Але краязнаўца пазнаў на ёй Дзісну і купіў. Яшчэ — прыгожае фота з Будслава 1930-х гадоў.
«Нядаўна на Ebay была фотка з Бачэйкава пад Віцебскам. Палац, які быў спалены ў вайну, бачныя разбурэньні. Я падумаў, хто яе ў Бачэйкаве заўважыць? Дык я набыў недзе за 20 эўра, адсканаваў, заліў на Вікіпэдыю», — расказвае калекцыянэр.
Таксама ён нядаўна купіў выяву зь вёскі Сітцы за 30 кілямэтраў ад Глыбокага. Там відаць самалёт на фоне царквы і яшчэ тры савецкія разьбітыя самалёты на аэрадроме. Яго пабудавалі ў савецкую акупацыю, потым немцы яго разбамбілі. Фота было падпісана памылкова — Russland, горад Веліж Смаленскай вобласьці.
«Гісторыя на сёньняшнім дні не канчаецца»
Калекцыянэры фатаздымкаў ёсьць у многіх мясцовасьцях Беларусі. У Горадні іх больш за дзесяць, а ў малых паселішчах можа быць па адным. У вялікіх гарадах паміж калекцыянэрамі ёсьць канкурэнцыя. Часам чалавек выкупляе на аўкцыёне непадпісаныя танныя фота, потым іх ідэнтыфікуе і прадае за большую цану. Многія купляюць паштоўкі толькі для сябе.
Ягор робіць гэта дзеля грамадзкага набытку. Скануе выявы і выкладае іх у сацыяльных сетках, загружае на Вікіпэдыю, дзеліцца з краязнаўцамі. Каб набываць старыя фота, ён зьбірае ахвяраваньні. На ягоны Patreon падпісаныя каля 30 донараў.
Самае вялікае ахвяраваньне склала $500. Яго зрабіў непублічна вядомы чалавек. Тыя грошы Ягор хутка патраціў. Набыў падшыўку польскага часопіса 1901 году, у якой былі чатыры фота сялян у традыцыйных строях з-пад Глыбокага. А яшчэ — некалькі фатаздымкаў з варшаўскага антыкварыяту, які распрадаваў альбом зь якаснымі фота вялікага фармату, зробленыя фотамастаком з Глыбокага. Кожнае па 300 злотых.
Ягор купляе фота, каб рабіць нешта карыснае для грамадзтва, а таксама каб мець адчуваньне сэнсу свайго жыцьця.
«Для мяне гэты занятак мае сэнс не каб пакласьці паштоўку ці фотку ў шуфляду, а каб яна была ўведзеная ў грамадзкі, навуковы дабытак. Гісторыя на сёньняшнім дні не канчаецца. Можа, хтосьці захоча праз 5–10 гадоў аформіць стэнд свайго рэгіёна, і гэтыя фоткі спатрэбяцца. А можа ў кнізе нейкай, ці яшчэ недзе», — кажа суразмоўца.
Раней ён набыў панараму Глыбокага 1920-х гадоў. Потым мясцовыя ўлады рабілі на плошчы сэрыю банэраў са старымі выявамі гораду. Трапіла туды і тая панарамная паштоўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тата любіў сваю краіну, але гэта не было ўзаемна». Як выглядала Беларусь 90-х на фатаздымках Сяргея Брушко