Лукашэнка памілаваў свайго былога ахоўніка Ўцюрына, асуджанага за хабар

Андрэй Уцюрын да турмы

Стала вядома пра выхад на свабоду былога набліжанага да Лукашэнкі.

Першым пра выхад Андрэя Ўцюрына на свабоду паводле памілаваньня напісаў у сваім фэйсбуку былы палітзьняволены Сяргей Пятрухін. Ён сядзеў з Уцюрыным у адной калёніі.

Пазьней, са спасылкай на ўласныя крыніцы, інфармацыю перадала «Наша Ніва».

Паводле Пятрухіна, Уцюрын меў у калёніі «прывілеяванае становішча».

Агулам ён адседзеў 5,5 гадоў з 12 прызначаных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады будуць пераконваць, што «нармалізацыя» адбылася і Лукашэнка стаў гарантам новай «стабільнасьці», — Быкоўскі

У 2020 годзе былога намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі, былога кіраўніка Службы аховы Лукашэнкі (з 2007-га па 2014 год) Андрэя Ўцюрына асудзілі на 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабараў на агульную суму 192 тысячы даляраў.

Андрэй Уцюрын адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба». Празь віцебскую калёнію прайшлі многія палітвязьні.

«Справа Андрэя Ўцюрына». Што трэба ведаць

  • Пра арышт намесьніка старшыні Савету бясьпекі Андрэя Ўцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. 1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне вайскоўца».
  • Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Белтэлерадыёкампанія, Акадэмія навук, Вярхоўны суд. Куды пастаўлялі тэхніку кампаніі, якія фігуруюць у справе былога ахоўніка Лукашэнкі

  • Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ. На пачатку сьнежня 2019 КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня. Стала вядома, што Ўцюрына вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў; акрамя яго, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек.

Толькі 2 з 16 фігурантаў «справы Ўцюрына» не прызналі сваёй віны

  • Судовы працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску і, нягледзячы на хадайніцтва абвінавачаных, праходзіць у адкрытым рэжыме.
  • На лаве падсудных 8 прадстаўнікоў дзяржаўных структур і 8 бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
  • Агульная сума атрыманага чыноўнікамі хабару складае 1 мільён 650 тысяч даляраў.
  • У чым вінавацяць. «Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП „Белтэлекам“, набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».