Мінулай ноччу невядомыя асобы атакавалі будынкі Вярхоўнага суду і радыётэлевізійнай кампаніі Малдовы. У абодва будынкі вандалы шпурнулі жоўтую фарбу.
Як паведаміла Радыё Кішынёў, паліцыя ўжо мае кола падазраваных у акце вандалізму.
Гэта ўжо ня першая атака на ведамствы за апошнія дні, раней вандалы абралі цэльлю будынак ураду Малдовы і штаб-кватэру Міністэрства працы. У выніку тых нападаў двух чалавек затрымала паліцыя. Сілавікі паведамілі, што затрыманыя прызналіся ў тым, што да нападу на міністэрствы і ведамствы Малдовы іх рыхтавалі ў Маскве. Агулам у групу ўваходзілі 20 чалавек.
Раней служба выведкі і бясьпекі Малдовы (SIS) заблякавала сем пераважна расейскіх інфармацыйных сайтаў, у тым ліку сайт дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «РИА Новости», які, на яе думку, нясе «рызыку для нацыянальнай бясьпекі» краіны.
25 верасьня SIS загадаў малдаўскім правайдэрам электронных камунікацый заблякаваць доступ да пяці расейскіх сайтаў — Ng.ru, Gazetacrimea.ru, Crimea.gov.ru, Crimea.ria.ru і Crimea24tv.ru у дадатак да «РИА Новости».
Сёмым сайтам, які загадалі заблякаваць, стаў Nuacum.eu, які апісвае сябе як голас руху пад назвай Nu. Nu Acum («Не, не цяпер»). Гэтая старонка заклікала малдаванаў прагаласаваць супраць далучэньня да Эўразьвязу на рэфэрэндуме, заплянаваным на наступны месяц.
Менавіта са спробай Расеі дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове і зьвязвае атакі вандалаў улада краіны. Ідзе расьсьледаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова заблякавала сайты сямі расейскіх СМІ перад рэфэрэндумам аб інтэграцыі з Эўразьвязам