Заява зьнешнепалітычнага ведамства Літвы стала адказам на артыкул міністра замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, апублікаваны 26 верасьня ў дзяржаўным выданьні sb. by.
У публікацыі Рыжанкоў заклікаў Літву перагрузіць двухбаковыя дачыненьні і вярнуцца да «нармальнага раўнапраўнага дыялёгу» і эканамічнай супрацы.
У МЗС Літвы сьцьвярджаюць, што не атрымлівалі ад Беларусі ніякіх прапаноў па аднаўленьні стасункаў зь Літвой, і адзначаюць, што гэта стане магчымым толькі тады, калі Менск правядзе дэмакратычныя рэформы, вызваліць палітвязьняў, а тых, хто праводзіць рэпрэсіі, прыцягнуць да адказнасьці.
«Міністэрства замежных спраў Літвы не атрымлівала па дыпляматычных каналах прапановы беларускага боку, пра якія гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным міністрам замежных спраў Беларусі», — паведамілі BNS у ведамстве.
Максім Рыжанкоў пісаў у сваім артыкуле:
«Беларуска-літоўскія дачыненьні на цяперашнім этапе, на наш шчыры жаль, перажываюць найгоршы пэрыяд за ўсю гісторыю двухбаковай супрацы. Зрабіўшы стаўку ў 2020 годзе на дзяржаўны пераварот у нашай дзяржаве, афіцыйная Вільня разьвязала недальнабачную гібрыдную вайну супраць беларускай дзяржавы і народу, зь якім літоўцы стагодзьдзямі жылі ў дружбе і ўзаемаразуменьні».
Паводле міністра, зьмена палітычнага курсу Беларусі, якога дабіваецца Літва,"самастойна ці па падказцы звонку", абсалютна недасягальная. Аднаўленьне дыялёгу Максім Рыжанкоў аргумэнтаваў і аб’ёмам штогадовых стратаў літоўскай эканомікі ад разрыву дачыненьняў зь Беларусьсю, якія ён ацаніў у адзін мільярд даляраў.
Да таго, як Міністэрства замежных спраў Літвы пракамэнтавала публікацыю Рыжанкова, з камэнтаром да яе выступіла сьпікер Сэйму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
«На цяперашні момант у нас няма прычын меркаваць, што рэжым Лукашэнкі спыніў падтрымку Расеі. Апроч таго, мы ведаем, што ў беларускіх турмах застаюцца зьняволеныя журналісты і апазыцыянэры. Пазыцыя Літвы застаецца зразумелай: мы падтрымліваем беларускую апазыцыю», — адзначыла яна і дадала, што не пабачыла шчырасьці ў заявах беларускага міністра.
На думку кіраўніцы Сейму Літвы, публікацыя Максіма Рыжанкова за дзесяць дзён да выбараў у парлямэнт можа быць невыпадковай.
«Не хацелася б выказваць здагадкі, але можна меркаваць, што гэта зьвязана з перадвыбарчай кампаніяй. Аднак падобныя заявы гучалі і раней, ня толькі ў пэрыяд выбараў», — падкрэсьліла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў прапанаваў Літве «нармальны раўнапраўны дыялёг». У Вільні адказалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе