Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту (FIS) прадоўжыла дзеяньне абмежаваньняў на ўдзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у спаборніцтвах пад сваёй эгідай.
Як паведаміла швэдзкае выданьне Expressen з спасылкай на прадстаўніка Швэдзкай лыжнай асацыяцыі Ларса Обэрга, такое рашэньне абвясьцілі 27 верасьня на пасяджэньні тэхнічнага камітэту FIS у Цюрыху (Швайцарыя).
«Ніякай дыскусіі ці чагосьці падобнага не было. Проста нам паведамілі, што ніякіх зьменаў у гэтым пытаньні ў наступным сэзоне ня будзе. І гэта добра. Швецыя належыць да той часткі FIS, якая сапраўды падтрымлівае тое, што абмежаваньні павінны працягвацца, пакуль ва Ўкраіне нічога не зьмянілася», — сказаў Ларс Обэрг.
FIS адхіліў лыжнікаў з Расеі і яе блізкага хаўрусьніка Беларусі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах па лыжах і сноўбордзе пасьля таго, як Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту захавала забарону на ўдзел у спаборніцтвах беларускіх лыжнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17-гадовая лыжніца, якую ў Беларусі адсунулі ад спорту «праз палітыку», стала чэмпіёнкай Польшчы