Усе ўнесеныя ў абноўлены сьпіс людзі асуджаныя па крымінальных артыкулах, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу. Пры гэтым палітвязьнем прызнаная толькі Алена Тоцкая, якой інкрымінаваны арт. 3614 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Па дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», судовы працэс над Тоцкай пачаўся 9 верасьня 2024 году. Аб прысудзе не паведамлялася. У сьпісе МУС пазначана, што ў палітзьняволенай «судзімасьць не пагашаная».
У пералік «экстрэмістаў» унесеныя таксама зьняволеныя Міхаіл Галаўко, Дзьмітры Аўдзееў, Дзмітры Патырын, Яніна Андрэюк, Аляксандар Навіцкі, Аляксей Мазука, Ігар Сушко, Аляксандар Баркун, Аляксандар Бранавіцкі, Павел Красуцкі, а таксама завочна асуджаныя да пазбаўленьня волі на розныя тэрміны блогеры Андрэй Павук, Вольга Павук, опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук, Аляксандар Чахоўскі, Ільля Салянкоў.
Таксама адзнака «судзімасьць не пагашаная» стаіць насупраць прозьвішчаў уключаных у сьпіс Віктара і Вікторыі Лазар-Жых, Уладзіміра Мароза, Аляксея Чэрнікава, Дзьмітрыя Овад-Марчука, Юліі Краўцовай і Анастасіі Котавай.
Уключаная ў «сьпіс экстрэмістаў» Натальля Мікуліч знаходзіцца на прымусовым псыхіятрычным лячэньні.
Фінансавыя апэрацыі асоб, уключаных у «сьпіс экстрэмістаў», кантралююцца «з мэтай прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ сем чалавек