Акруговы суд у Любліне 26 верасьня прысудзіў грамадзяніну Беларусі Ўладзіславу П. 2 гады і 10 месяцаў пазбаўленьня волі, паведаміў партал радыё RMF24.
Мужчына таксама аштрафаваны на 10 тысяч злотых (каля 2,8 тысячы даляраў). Асобна зь яго спагналі 8,2 тыс. злотых (каля 2,1 тысячы даляраў), атрыманых у якасьці «аплаты за злачынную дзейнасьць».
Грамадзянін Украіны Максім Л., які праходзіў у той жа справе, артымаў 6 гадоў зьняволеньня. Штраф і сума атрыманых сродкаў, якая належыць спагнаць, — 15 тыс. і 20,5 тыс. злотых адпаведна (каля 3,9 тыс. і 5,4 тыс. даляраў).
Асуджаныя таксама павінны выплаціць па 5000 злотых (1,3 тысячы даляраў) у Фонд дапамогі пацярпелым.
У справе групы, абвінавачанай у шпіянажы на карысць Расеі, праходзіла 16 чалавек, у тым ліку тры грамадзяніны Беларусі. 19 сьнежня 2023 году акруговы суд у Любліне прысудзіў зьняволеньне 14 фігурантам (беларуская грамадзянка Марыя М. атрымала найменшае пакараньне — 1 год і 1 месяц пазбаўленьня волі).
Справы беларуса Ўладзіслава П. і ўкраінца Максіма Л. вылучылі ў асобнае вядзеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы беларуса паўторна судзяць у справе «шпіянажу» на карысьць Расеі. Раней ён не прызнаў вінуПаведамлялася, што лідэрам групы быў мужчына, які «аддаваў загады праз расейскі мэсэнджар Telegram». Гаворка ішла, у прыватнасьці, пра маніторынг крытычна важнай інфраструктуры: міжнароднага аэрапорту Жэшув-Ясенка, вайскова-марскі порт у Гдыні, чыгуначную станцыю ў Жэшуве, памежныя пераходы з Украінай і ключавыя чыгуначныя шляхі, па якіх ва Ўкраіну дастаўлялася зброя і гуманітарная дапамога. Лідэр групы нібыта плянаваў пусьціць пад адхон цягнік з вайсковым транспартам, за што прапанаваў 10 тысяч даляраў.
Як пісала раней Свабода, сярод фігурантаў справы, апрача трох беларусаў, адзін расеец, астатнія — грамадзяне Ўкраіны.
16 сакавіка 2023 году Марыюш Каміньскі, які на той час займаў пасаду міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, паведаміў, што Агенцтва ўнутранай бясьпекі затрымала дзевяць іншаземцаў праз падазрэньне ў супрацы з расейскімі спэцслужбамі.
17 чэрвеня 2024 году стала вядома, што трое з асуджаных зьніклі з поля зроку ўладаў пасьля выхаду з-пад папярэдняга арышту, сярод іх — Марыя Мядзьведзева. Неўзабаве яе затрымалі і арыштавалі на тры месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абмянялі, апраўдалі, далі да чатырох гадоў. Што стала зь беларусамі, якіх судзілі за шпіянаж у іншых краінах