Фонд Талая і горадзенскае прадпрыемства «Малочны сьвет» перадалі дапамогу ў Курскую вобласьць Расеі

Уезд у горад Курск. Ілюстрацыйнае фота

Фонд Аляксея Талая супольна з расейскімі дыпляматамі рэалізуе праект «па зборы і адпраўцы гуманітарнай дапамогі жыхарам Данбасу, Херсонскай, Запароскай, Белгарадзкай і Курскай абласьцей Расейскай Фэдэрацыі».

У Міністэрстве замежных спраў Расеі паведамілі аб перадачы зь Беларусі 10 тон стэрылізаванага малака ў Курскую вобласьць.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, перадачу гуманітарнай дапамогі ажыцьцявілі Генэральнае консульства Расеі ў Горадні супольна з фондам Аляксея Талая і мясцовым прадпрыемствам «Малочны сьвет».

«Сёньня з Горадні ў Курскую вобласьць Расейскай Фэдэрацыі, дзе захоўваецца напружаная абстаноўка, адпраўлены гуманітарны груз, які ўключае 10 тон стэрылізаванага малака. Для людзей, якія вымушана пакідаюць свае будынкі, любая дапамога важная і патрэбная. Удзячныя нашым беларускім сябрам за падтрымку і гатоўнасьць працягнуць руку дапамогі», — паведамілі ў МЗС Расеі.

У паведамленьні таксама адзначаецца, што фонд Аляксея Талая супольна з расейскімі дыпляматамі рэалізуе праект «па зборы і адпраўцы гуманітарнай дапамогі жыхарам Данбасу, Херсонскай, Запароскай, Белгарадзкай і Курскай абласьцей Расейскай Фэдэрацыі».

Беларускі паралімпіец Аляксей Талай дапамагае Расеі незаконна перамяшчаць з акупаваных украінскіх тэрыторый дзяцей і іх перавыхоўваць.

Сёлета ў чэрвені Ўкраіна ўключыла Аляксея Талая і ягоны дабрачынны фонд у пералік фізычных асобаў і арганізацый, датычных да перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый у Расею і Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы ідэнтыфікавалі больш за 2 тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх вывозілі ў Беларусь для «перавыхаваньня»


У лютым 2023 году Эўразьвяз уключыў беларускага паралімпійца ў 13-ы пакет санкцыяў. Супраць яго таксама ўвялі абмежаваньні ўлады ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дзейнасьць Талая ў незаконным вывазе дзяцей расьсьледуюць у межах крымінальнай справы