У Пінску пачалі судзіць журналіста, якога моцна пабілі падчас пратэстаў
Былога журналіста Media-Polesye Яўгена Нікалаевіча 26 верасьня пачалі судзіць у судзе горада Пінску і Пінскага раёну паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. Працэс прызначылі весьці судзьдзю Яўгенію Мельнік, піша «Вясна».
10 жніўня 2020 году Нікалаевіч адправіўся на пратэсты з прафэсійным заданьнем. Яго затрымалі. Спачатку міліцыя біла яго ў прыбіральні пінскага гарвыканкаму, потым у аўтазаку. Пасьля мужчыну прывезьлі ў цір пінскага ГАУС, дзе яго бачыў моцна пабітым Алесь Рамановіч. Далей журналіста зьмясьцілі ў пінскае ІЧУ, а потым завезьлі ў СІЗА івацэвіцкай калёніі, дзе сілавікі разьмясьцілі частку затрыманых.
Праз тыдзень пасьля пабіцьця ў журналіста ўсё яшчэ заставаліся сінякі. Паведамляецца, што сьляды біцьця заставаліся на твары мужчыны нават празь месяц, у тым ліку зьявіліся глыбокія шнары. Выданьне Media-Polesye таксама пісала тады пра пашкоджанае вока свайго супрацоўніка.
Затрымалі сябра мужчыны, які ў Магілёве напаў з нажом на сілавіка
Затрымалі сябра мужчыны, які ў Магілёве напаў з нажом на супрацоўніка ГУБАЗіК, паведамляе МУС. Сьцьвярджаецца, што пры ператрусе ў доме 64-гадовага мужчыны выявілі агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю, у тым ліку замаскаваную пад прадметы побыту.
Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу за незаконны абарот агнястрэльнай зброі (арт. 295 КК).
За ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту затрымалі мужчыну
Затрыманаму за пратэсты 49 гадоў, паведамляе «Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы. Больш інфармацыі пра затрыманага і абставіны няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 верасьня: затрыманьні ў Глыбокім; перасьлед за сарваныя дзяржаўныя сьцягіПалітзьняволенага Сяргея Думаву, асуджанага да 9 гадоў калёніі, зноў судзілі
25 верасьня ў судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну прайшоў разгляд справы Сяргея Думавы «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмене ўмоваў рэжыму», паведамляюць праваабаронцы. Працэс узначальваў судзьдзя Андрэй Літвін. Вынік судовага пасяджэньня высьвятляецца.
Нагадаем, Сяргея затрымалі 22 сакавіка 2021 году, калі ён расклейваў у горадзе налепкі. Яго абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч. 3 арт. 293 КК («Навучаньне масавым беспарадкам»), арт. 341 КК («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»).
Пазьней Думаву прызначылі 9 гадоў і 15 дзён калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 верасьня: вынесьлі прысуды двум палітвязьнямУ Менску пачалі судзіць палітзьняволеную за праяву салідарнасьці
У Менскім гарадзкім судзе 26 верасьня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзьняволенай Вольгі Лоцманавай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Працэс вядзе судзьдзя Аляксандар Рудэнка, паведамляе «Вясна».
Вольгу затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас рэйду за салідарнасьць з палітзьняволенымі і іх сем’ямі. Першапачаткова жанчыну абвінавачвалі паводле арт. 361 (заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі Беларусі). Але пазьней артыкул зьмянілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 верасьня: за камэнтары затрымалі завуча школы ў Менску