Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 верасьня: затрыманьні ў Глыбокім; перасьлед за сарваныя дзяржаўныя сьцягі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

У Слаўгарадзе затрымалі юнакоў, якія сарвалі чырвона-зялёны сьцяг з крамы

Міліцыянты затрымалі 16-гадовага навучэнца каледжу і 18-гадовага трактарыста. На іх завялі крымінальную справу за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Паведамляецца, што ў Слаўгарадзкі РАУС зьвярнулася ўладальніца кветкавай крамы — нехта нібыта сарваў з фасаду чырвона-зялёны сьцяг, а таксама пашкодзіў шыльду і кветачніцу.

Верагодна, гаворка ідзе пра двух хлопцаў, якіх затрымалі ў Слаўгарадзе на мінулым тыдні.

У Глыбокім затрымалі сама меней трох чалавек

Відэа зь імі апублікаваў адзін з праўладных каналаў, блізкі да сілавікоў. Сьцьвярджаецца, што ўсе яны ўдзельнічалі ў пасьлявыбарчых акцыях пратэсту.

Сярод затрыманых — адміністратар старонкі ў Інстаграм «Подслушано Глубокое», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай раздавала кветкі.

Жыхара Лунінецкага раёну, які ў 2021 годзе зьняў з крамы чырвона-зялёны сьцяг, знайшлі па адбітках пальцаў

У 2021 годзе ў Лунінецкім раёне завялі крымінальную справу па артыкуле аб зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 Крымінальнага кодэксу), аднак чалавека, які зьняў сьцяг, тады не знайшлі. Побач зь месцам здарэньня ляжала бутэлька зь півам, зь якой зьнялі адбіткі пальцаў.

Як паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў, у 2024 годзе 21-гадовы хлопец з гэтага раёну праходзіў працэдуру абавязковай дактыляскапіі ў рамках прызыву. Адбіткі ягоных пальцаў супалі з адбіткамі на бутэльцы, знойдзенымі ў 2021 годзе. Сьцьвярджаецца, што малады чалавек «прызнаўся ў зьдзейсьненым».

Што зь ім цяпер, не паведамляецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG