«Гэта было неймаверна дзёрзка». Расказваем, як прайшоў марш гіпі ў Горадні ў часы Брэжнева

Беларускія гіпі. Ілюстрацыйны каляж

У 1971 годзе па цэнтры Горадні прайшоў марш гіпі. Свабода расказвае, як ён прайшоў, чым савецкія гіпі адрозьніваліся ад амэрыканскіх, пры чым тут штаны-клёш і рыдыёпрымачы, а таксама як такое стала магчымым пры таталітарызме.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларускія ўлады выціснулі з краіны ці адправілі за краты вялікую колькасьць тых грамадзян, хто адкрыта выказваў сваю незадаволенасьць іх дзеяньнямі і палітычным рэжымам. Публічныя пратэсты зьвяліся да адзінкавых адчайных акцый. Зьяўляюцца новыя іх формы ў выглядзе праяваў салідарнасьці з роднымі рэпрэсаваных ці паглыбленьня ў вывучэньне беларускай мовы і гісторыі. Свабода пачынае цыкль публікацый, прысьвечаных таму, як беларусы пратэставалі ў часы СССР. Першая зь іх — пра марш гіпі ў Горадні, які прайшоў у жніўні 1971 году.

Гіпі ў Францыі, канец 1960-х

«Make love, not war»

Росквіт руху гіпі ў сьвеце адбыўся ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў. Ён быў зьвязаны з моладзевай рэвалюцыяй 1968 году ў Францыі і ва ўсёй Эўропе, а таксама антываеннай кампаніяй у ЗША. Гіпі выступалі супраць пурытанскай маралі і заахвочвалі вярнуцца да прыроднай чысьціні праз каханьне і пацыфізм. Іхныя лёзунгі — «Make love, not war» («Займайцеся каханьнем, а не вайной»), «All you need is love» («Усё, што табе трэба, гэта любоў»), «Love is love» («Любоў гэта любоў»).

«Гэта спроба контракультуры, новай генэрацыі. Яны спрабавалі арганізаваць паралельнае грамадзтва, „другое неба“. Засвойвалі тэрыторыі, зьяўляліся камуны і сквоты. Практыкавалі формы пашырэньня сьвядомасьці праз наркотыкі, мэдытацыю. Існавалі ў фармаце нечаканай і немагчымай раней у буржуазным грамадзтве сэксуальнай свабоды. Практыкавалі „карнавальны“, каляровы стыль паводзінаў», — тлумачыць культуроляг Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў. Архіўнае фота

Гіпі выраблялі сваю музыку, літаратуру, кіно. Пазьней гэты стыль паводзінаў засвоілі камэрцыйныя структуры грамадзтва. На моладзевай нязгодзе пачалі зарабляць. Зьявіліся мільянэры рок-н-рольнага руху, фабрыкі гіпознай моды, сэрыі камэрцыйных кінастужак.

«Тое, што пачыналася як змаганьне за самастойны лад жыцьця, пачало ператварацца ў пасьпяховую камэрцыйную індустрыю», — працягвае Жбанкоў.

Брытанскі гурт The Beatles, адны з натхняльнікаў культуры гіпі

«Камунізм хлусіў»

У СССР у гэты час была таталітарная сыстэма.

«Яна ўжо ня сталінская, а брэжнеўская. Стагнацыя, стабільнасьць. Але ў ёй не было месца на вольную думку, на пратэсты. Кара за гэта — псыхушка, звальненьне з працы, адлічэньне з вучобы, высылка. За мяжу цяжка было выехаць», — успамінае той пэрыяд палітык з Горадні Аляксандар Мілінкевіч.

Рух гіпі ў Савецкім Саюзе выглядаў інакш, чым у заходнім грамадзтве. У СССР усё, што адбывалася, меліся спачатку дазволіць вышэйшыя структуры. А тое, што паўставала ў межах руху гіпі, было спробай грамадзянскай самаарганізацыі, тлумачыць Максім Жбанкоў.

«Нізавая ініцыятыва ўспрымалася савецкай сыстэмай як відавочная небясьпека», — кажа культуроляг.

Культура гіпі слаба сумяшчалася з базавымі прынцыпамі камуністычнай ідэалёгіі.

«Камунізм хлусіў. Ён абяцаў свабоду, але замест яе прапаноўваў татальную залежнасьць ад улады. Ён гаварыў пра сьветлую будучыню, але гэтая будучыня патрабавала бясконцых ахвяраў. Ён казаў аб праве нацыі на самавызначэньне, але праходзілі інтэрвэнцыі ў Афганістане, Чэхаславакіі. Дысыдэнцкі рух у СССР кіраваўся слоганам «Хай яны выконваюць свае ўласныя законы», — расказвае Жбанкоў.

Гіпозны рух быў спробай аднавіць справядлівасьць.

«Хочаш быць вольным — будзь. Хочаш рабіць музыку — рабі. Хочаш доўгія валасы і каляровыя штанцы — калі ласачка, усё магчыма. Гэта была самаробная культура. Можна было рабіць сваё, незалежна ад дазволаў і забаронаў. Гіпозны рух быў спробай непадцэнзурнага грамадзтва. Гэтым яны былі небясьпечнымі для ўладаў», — тлумачыць культуроляг.

Маладыя людзі на вуліцах Горадні, канец 1960-х — 1970-я гады

«Сподні разразалі да калена і туды ўстаўлялі кліны»

Гіпі можна было адрозьніць па вонкавым выглядзе. На Захадзе ім былі характэрныя доўгія валасы, джынсы, пафарбаванае ўручную адзеньне, пацеркі, плеценыя каляровыя бранзалеткі.

У Савецкім Саюзе было цяжка здабыць такі вобраз.

«Цяжка патлумачыць, наколькі быў істотны вонкавы выгляд. У Савецкім Саюзе не хапала колераў. Натоўп быў шэра-чорны. Музычна-сцэнічны выгляд таксама быў стрыманы. Раньняя вопратка „Песьняроў“ выглядала проста фатальна: трыкатажныя швэдрыкі і танныя шэра-зялёныя камізэлькі», — успамінае Максім Жбанкоў.

Быць каляровым у Савецкім Саюзе было цяжка, адзначае ён.

«Знайсьці клёшы нармальнага памеру было вельмі цяжка. Купіць у краме чэскія шузы выглядала неймаверным цудам. Татальна не хапала прыгажосьці, зручнай вопраткі. Нармальную фрызуру было зрабіць надзвычай цяжка. Часта даводзілася рабіць гэта самім», — успамінае суразмоўца.

Ён прыгадвае, што ў Маскве літаратар Эдуард Лімонаў шыў штаны-клёш, у яго апраналася багема. У брытанскім часопісе «Англія», які распаўсюджвалі ў СССР, было апісана, як можна фарбаваць адзеньне: закруціць майку ў вузел і кінуць у фарбу.

«Яна атрымлівалася псыхадэлічна-расплывістая. У Менску зьніклі белыя майкі з продажу. Іх усе куплялі, фарбавалі і хадзілі з фантастычнымі разводамі», — успамінае Жбанкоў.

Аляксандру Мілінкевічу тады было крыху за 20. Ён ня быў гіпі, але насіў доўгія валасы і клёшы.

Аляксандар Мілінкевіч з доўгай фрызурай. Пачатак 1990-х гадоў

«Джынсы — гэта было так дорага, такая раскоша, 50-70 рублёў па тых заробках — недасягальныя рэчы. Я марыў пра джынсы. Гэта было прыгожа. Каўбойскае адзеньне, як у амэрыканскіх фільмах», — успамінае ён.

Гарадзенец адзначае, што тых, хто прывозіў джынсы ў Савецкі Саюз і спрабаваў прадаць, таксама каралі. Ён ствараў сабе моднае адзеньне сам.

«Мы звычайныя порткі разразалі да калена і туды ўстаўлялі кліны. Самыя гарачыя ўстаўлялі чырвоныя, каб паказаць, што мы носім клёш. А ўжо самыя-самыя туды маленечкія бомы вешалі. Ішлі, і гэта ўсё гучала. Гэта таксама форма пратэсту. Доўгія валасы — гэта The Beatles, вядома. Я насіў доўгія валасы. У школе мяне асабліва не перасьледавалі. Хаця калі б яны былі да плеч, то думаю, было б горш», — дзеліцца ён.

Гіпі былі непалітычным рухам. Але ў СССР яго ўспрымалі як супраціў, як палітычную акцыю.

«Быць гіпі ў Савецкім Саюзе было цяжэй, чым у вольным грамадзтве, бо іншадумства трапляла ў фармат палітычнага дысыдэнцтва. Нават тое, што ты выглядаў ня так, як іншыя, успрымалася як палітычная правакацыя», — адзначае Жбанкоў.

Горадня ў 1960-1970 гады, архіўнае фота

«Гэта было існаваньне на радыёхвалі»

Гіпі слухалі рок-н-рол. Набыць адпаведнае адзеньне было цяжка, а знайсьці патрэбную музыку — лягчэй. Яе круцілі на заходніх каналах радыё, прадавалі на чорным рынку замежных кружэлак. Слухалі The Beatles, Pink Floyd, Nazarerth, Slade, пазьней «Акварыюм».

«Я ня ведаю, як я скончыў школу. Гэта былі 1973-1974 гады. Дамашнюю работу я выконваў наступным чынам. Сядзеў на кухні, пісаў нешта ў сшытку. Побач стаяў радыёпрымач, падключаны да магнітафона. Як толькі гучалі першыя „правільныя“ акорды, я ўключаў магнітафонны запіс. Потым дзяліўся зь сябрамі», — расказвае Максім Жбанкоў.

Слухалі Польскае радыё, «Голас Амэрыкі», Радыё Свабода, BBC.

«Гэта было існаваньне на радыёхвалі. Гэтая музыка была большай за музыку. Гэта былі правільныя вайбы. Гэта быў зусім іншы смак жыцьця, зусім іншая форма перажываньня рэчаіснасьці, зь якой немагчыма было параўнаць ніводзін з дазволеных Саветамі вакальна-інструмэнтальных ансамбляў», — успамінае Жбанкоў.

«Песьняры», на ягоную думку, у параўнаньні з заходнімі групамі выглядалі квола. Хаця і яны на канцэртах экспэрымэнтавалі з гукам і ўключалі ў свае апрацоўкі заходнія «пасхалкі» — кавалкі з жорсткім гукам.

«Пасьля The Beatles была хваля самаробнага музычнага дзеяньня, прага самастойнай творчасьці — дылетанцкай, наіўнай, але абсалютна вольнай, абсалютна шчырай. Рок-н-рол вучыў свабодзе прамаўленьня і асабістай годнасьці. Гэта было неймаверна прыгожа», — мяркуе культуроляг.

Ён успамінае, што новы альбом Pink Floyd «The Dark Side of the Moon» зьявіўся на Польскім радыё амаль адразу пасьля выхаду.

«Гэта як адкрыліся фіранкі ў іншы сьвет. Рок-н-рол вучыў парадаксальнаму мысьленьню, вастрыні пачуцьцяў. Праз рок-н-рол ты мог забыцца пра ідыятызм камсамольскага існаваньня, мог больш не баяцца КДБ, мог адчуваць сябе абсалютна вольным у межах сваёй сьвядомасьці. І ў гэты ўнутраны сьвет не магла трапіць цэнзура і рэпрэсіўныя партыйныя органы», — дзеліцца Жбанкоў.

Аляксандар Мілінкевіч успамінае, што таксама запісваў музыку з радыё на магнітафон. Палітык мяркуе, што магчымасьць слухаць заходняе радыё сфармавала ягоныя дэмакратычныя каштоўнасьці.

«У мяне была найлепшая музыка, якая тады была ў сьвеце. Я слухаў праграмы польскай „тройкі“ (трэцяга каналу. — РС)», — успамінае ён.

У сям’і зьявіўся чорна-белы тэлевізар «Рубін».

«Мы з братам самі скруцілі антэну, каб зь Беластоку лавіць каналы польскай тэлевізіі. Для розных каналаў патрэбны былі розныя антэны. Многія гарадзенцы глядзелі польскае тэлебачаньне. Я глядзеў фільмы. Францускія, італьянскія, амэрыканскія. Безумоўна, гэта ўплывала на разьвіцьцё чалавека, фармавала культурны фундамэнт», — мяркуе ён.

Бацька Мілінкевіча, калі ішоў спаць, побач ставіў вялікі прыёмнік з антэнай. Слухаў «Голас Амэрыкі», Радыё Свабода, BBC.

«Мама скардзілася і казала: „Валодзя, дык ты са мной ідзеш спаць ці з прыёмнікам?“», — успамінае суразмоўца.

Ягоны бацька баяўся камэнтаваць тое, што слухаў, але быў «чалавекам з пратэстам унутры».

«Я ўпэўнены, што бацька ніколі не абмяркоўваў нават з найбліжэйшымі людзьмі, што ён слухае Радыё Свабода. Гэта б усё роўна выйшла. Людзі разумелі, што „больш за трое“ ня варта зьбірацца», — камэнтуе палітык.

Калі б хтосьці данёс, што той слухае заходнія каналы, бацька Мілінкевіча ня быў бы ні дырэктарам школы, ні настаўнікам, мяркуе суразмоўца.

«Горадня — пэўная выспачка свабоды на мяжы. Памежнікі не маглі спыніць інфармацыю, якая даходзіла з-за мяжы. Польшча таксама была ў сацыялістычным лагеры, але, як жартавалі, „гэта быў самы вясёлы барак“. У Польшчы больш усяго дазвалялася. Не было забароны Касьцёла. Захаваліся традыцыі. Захоўвалася праўдзівая гісторыя ў інтэлектуальных асяродзьдзях. Не было забароны польскай мовы», — разважае Мілінкевіч.

«Мы ўсе былі двайнымі агентамі»

У Савецкім Саюзе вялікага руху гіпі не было. Хутчэй былі асобныя суполкі «агентаў іншага жыцьця». Нефармалы жылі двайным жыцьцём. Яны не ішлі ў сквоты, а хадзілі, як усе, на працу.

«Мы ўсе былі двайнымі агентамі. Мы існавалі ў межах дзяржавы, якая нас не хацела, якая нас не чакала, якая нас у нашых прыхільнасьцях не падтрымлівала. Існавалі правілы легалайзу: камсамольскія сходы, на якіх ніхто нікога ня слухаў; дэманстрацыі, на якіх людзі марнавалі час, чакаючы, калі можна ўрэшце пайсьці; кінапрэм’еры ідэалягічных фільмаў, на якія заганялі студэнтаў і школьнікаў», — успамінае Максім Жбанкоў.

На ягоную думку, у канцы 1960-х — пачатку 1970-х «татальны ідыятызм і абсалютнае пустазельле савецкай сыстэмы» сталі відавочнымі.

«Танцаваць вакол гэтага мёртвага цела было весела і здавалася бясьпечна», — кажа культуроляг.

Многія публічна прамаўлялі і паводзілі сябе так, як ад іх патрабавала сыстэма.

«А потым выходзілі і жылі сваё няправільнае жыцьцё, даставалі з-пад каўняроў свае доўгія валасы. На сходзе ты быў правільным, а па выхадзе — нармальным», — камэнтуе суразмоўца.

«Дзеці каменнай мамачкі»

Гіпі ў Горадні зьбіраліся каля бюста Элізы Ажэшкі. Называлі яе «каменнай мамачкай», а сябе — ейнымі дзецьмі. Моладзь прыходзіла ў гэты сквэрык на рагу вуліц Элізы Ажэшкі і Тэлеграфнай па вечарах, сьмяяліся, сьпявалі, размаўлялі.

Помнік Элізе Ажэшцы ў Горадні

Адтуль іх ледзь ня кожны дзень забірала міліцыя. Праз гадзіну адпускалі, а на заўтра гісторыя паўтаралася. Камсамольскія дружыны лавілі маладзёнаў, стрыглі ім валасы, ірвалі клёшы.

Горадзенскія нефармалы марылі выкупіць Замкавую гару ў Горадні, дзе стаяць Стары і Новы замкі, і стварыць там незалежную дзяржаву — без камунізму і сацыялізму, пісала раней «Белгазета».

Аднойчы пра горадзенскіх гіпі згадалі на радыё «Голас Амэрыкі», пісаў «Тузін гітоў». «Мы як на неба ўзьлезьлі: пра нас гавораць на ўвесь сьвет!», — дзяліўся адзін з горадзенскіх нефармалаў тых часоў. Пасьля гэтага нейкі гарадзенец забраўся высока на калёну каля Чырвонага касьцёла ў Менску і напісаў там «Гродна хіпі». Потым графіці доўга не маглі змыць.

Марш зь пеўнем

У жніўні 1971 году па цэнтры Горадні прайшоў марш гіпі. Перад гэтым нефармалы вырашылі сабрацца на прыродзе за 20 кілямэтраў ад Горадні, у мястэчку Азёры. Прыехалі сябры зь Вільні і Таліна. Дабіраліся малымі групамі. Аднак міліцыя даведалася пра гэтую сустрэчу і чакала маладых людзей на месцы. Схапілі каля дзесяці літоўцаў, пабілі іх і абстрыглі ім валасы.

Міхаіл Гуленін (у цэнтры) зь сябрамі

Тады горадзенскія гіпі вырашылі больш не цярпець гвалт, а выступіць з пратэстам. Яны пусьцілі пагалоску, што правядуць дэманстрацыю ў горадзе праз два тыдні, а правялі яе праз тыдзень. Аднак міліцыя і КДБ былі напагатове.

Адным з арганізатараў маршу быў гарадзенец Міхаіл Гуленін. У яго дома намалявалі каля дзесяці плякатаў з гіпоўскімі лёзунгамі кшталту «Рукі прэч ад доўгіх валасоў», «Спыніце тэрор», «Свабоду рок-н-ролу», «All you need is love». Каля дзьвюх гадзін дня дэманстранты рушылі ад дома, дзе жыў Міхаіл, на рагу вуліц Сацыялістычнай і Карла Маркса, у бок Савецкай плошчы. Адтуль ісьці каля 200 мэтраў.

У маршы ўдзельнічалі гіпі з Горадні, Мастоў, Вільні, Таліна, Пецярбургу. Паводле розных ацэнак, іх было ад 15 да 50 чалавек. Большая частка не дабралася да месца збору, бо міліцыянты ў цывільным хапалі на падыходзе да Савецкай плошчы ўсіх падазроных.

Дэманстранты былі апранутыя ў джынсы, штаны-клёш, каляровыя кашулі. Наперадзе калёны ішоў хлопец з Таліна па імені Віру і вёў на ланцугу гішпанскага баявога пеўня, якога яму прывёз бацька-марак. На Савецкай плошчы ўдзельнікаў шэсьця чакалі каля 30 сяброў з Мастоў. Яны плянавалі прайсьці разам па ўсёй плошчы ў бок фантану.

На месцы чакалі міліцыянты ў цывільным з дручкамі ў рукавах і кадэбісты. Стаялі «варанкі». Арганізатара Гуленіна схапілі за валасы і пацягнулі ў машыну. Хто пасьпеў, разбегліся. Частку пратэстоўцаў схаваў у Фарным касьцёле сьвятар Леўта, а потым выпусьціў празь іншы выхад.

У дварах на вуліцы Замкавай чакалі аўтобусы, куды саджалі затрыманых маладзёнаў. Іх вывозілі за 15 кілямэтраў ад гораду, каб дабіраліся дадому пешкі. Самых задзірлівых адводзілі ў Палац тэкстыльшчыкаў, што месьціцца на плошчы. Там стрыглі валасы, ірвалі клёшы, забіралі папругі.

Тых, каго залічылі ў арганізатары, забралі ў пастарунак, дапытвалі, фатаграфавалі. Дома ў іх правялі ператрусы. У Гуленіна забралі фатаграфіі, нататнікі, вершы і кружэлкі The Beatles. Празь некалькі дзён падобны марш правялі ў Вільні каля вежы Гедзіміна ў знак салідарнасьці з гарадзенцамі.

Менскія гіпі каля Палацу спорту. Скрайні справа — Уладзімер Цэсьлер

«Гэта фантастычная зьява»

Амаль усе ўдзельнікі той горадзенскай дэманстрацыі ўжо памерлі, у тым ліку Міхаіл Гуленін. Астатнім цяпер за 70 гадоў.

«Дэманстрацыя гіпі 1971 году — гэта фантастычная зьява, запісаная кроўю ў будучыя залатыя кніжкі гіпі-руху ці ўсяму рок-руху ў былым Савецкім Саюзе... Не было Telegram’аў, не было мабільных тэлефонаў. Гэта ўсё па нейкіх лістах, званках праз стацыянарныя тэлефоны, якія маглі праслухоўваць, дамаўляліся», — расказвае горадзенскі музыка Алесь Дзянісаў, які раней размаўляў з удзельнікамі шэсьця 1971 году.

Ён падсумоўвае, што марш гіпі скончыўся для яго ўдзельнікаў сумна.

«Усе яны страцілі вучобу, працу. У іх склаўся вельмі цяжкі лёс, ніякай пэрспэктывы. Шмат хто зь іх пабываў у псыхушках. Там чалавека галяпэрыдолам калолі, каб зьнішчыць і маральна, і фізычна», — гаворыць Дзянісаў.

На думку музыкі, марш адбыўся, бо моладзь не магла маўчаць.

«У сілу сваёй маладосьці яны да канца не разумелі наступстваў. Яны не шукалі славы і грошай. Яны выйшлі, бо ў іх накіпела. Яны нічога ня робяць, а сыстэма іхнае жыцьцё і лёс забівае. Яны проста іншыя, яны проста па-іншаму ня могуць. „Паглядзіце, мы ёсьць! Мы ня дрэнныя, мы нікога не забіваем!“», — разважае суразмоўца.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, горадзенскі марш гіпі адбыўся, бо ішоў рух ад таталітарызму да свабоды. Сваю ролю адыгралі паездкі савецкіх людзей за мяжу, радыё і тэлевізія.

«Гэта было неймаверна дзёрзка, бо людзі выйшлі не па загадзе партыі, людзі выйшлі не ў абарону амэрыканскіх мурынаў. Яны абаранялі сваю ўласную годнасьць. Яны выйшлі ў абарону свабоды жыцьця», — кажа Максім Жбанкоў.

Ён думае, што Горадня заўсёды заставалася асобнай сыстэмай у сыстэме беларуска-савецкай культуры.

«Гэта была адмысловая тэрыторыя, дзе заходнія ідэі, рухі, стылістыка здабывалася лягчэй і больш актыўна выкарыстоўвалася. Мне здавалася, што Горадню можна лічыць рэзэрвацыяй свабоды», — кажа культуроляг.

На ягоную думку, варта чытаць «1984» Джорджа Оруэла, каб зразумець, чаму падчас таталітарызму стаў магчымым вулічны пратэст гіпі.

«Ёсьць машына грамадзтва, а ёсьць патаемнае жыцьцё чалавечай асобы, якое немагчыма падпарадкаваць аніводнаму ідэалягічнаму праграмэру. Тое, што чалавек ніколі не развучыцца кахаць, сьмяяцца, жартаваць, блазнаваць, насіць доўгія валасы, — гэта і ёсьць выклік таталітарнай сыстэме. З гэтым ніхто нічога ня зробіць. Бо заўсёды будуць людзі, якія будуць жадаць прыгажосьці, самаробнага ціхага шчасьця, асабістай незалежнасьці і гучнай музыкі», — кажа Максім Жбанкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як карнавалілі менскія гіпі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская моладзь ў 1960 – 70-я гады заваёўвала тэрыторыю сваёй свабоды?