«Алесь Бяляцкі — адзін з выдатных беларусаў, чыё імя вядомае ўсяму сьвету. Ён зьяўляецца ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру і першым у гісторыі ўладальнікам прэміі імя Вацлава Гавэла за правы чалавека», — сказала на пачатку адкрыцьця выставы, арганізаванай Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі, яго кіраўніца Крысьціна Шыянок.
Яна зазначыла, што адзетая ў футболку з выявай Алеся Бяляцкага ня толькі таму, што захапляецца гэтым чалавекам нязломнай волі, высокіх маральных прынцыпаў і глыбокіх ведаў беларускай спадчыны, але і таму, што ён, як і яшчэ 1323 чалавекі, — палітычны зьняволены рэжыму Лукашэнкі.
У адкрыцьці выставы таксама ўзялі ўдзел, сярод іншых:
- Давід Стулік, спэцпрадстаўнік МЗС Чэхіі па Ўсходнім партнэрстве;
- Гаята Окамура, Гэлена Лангшадлава, дэпутаты з парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі;
- Андрэй Кароль, першы сакратар па гуманітарным супрацоўніцтве з ўкраінскага пасольства, і Паўлюс Грыгоніс, другі сакратар літоўскай амбасады з кабінэту ўрадавай упаўнаважанай па правах чалавека Клары Шымачкавай-Лаўрэнчыкавай;
- Віктар Кундрак, дырэктар дэпартамэнту правоў чалавека і абароны меншасьцяў;
- Павал Марыніч, Malanka Media
Крысьціна Шыянок падзякавала чэскім і міжнародным партнэрам за тое, што яны памятаюць і падтрымліваюць беларускіх палітычных вязьняў, а таксама праграмы іх перасяленьня і рэабілітацыі.
«Дзякуй за тое, што стаіце на баку беларускага народу ў ягонай барацьбе за свабоду, — сказала Шыянок. — Вельмі важна, каб міжнародная супольнасьць працягвала салідарызавацца зь беларускімі палітычнымі зьняволенымі і патрабаваць іх вызваленьня (...) Разам мы пабудуем Беларусь, якая будзе свабоднай, квітнеючай і мірнай. Надзейным партнэрам нашых эўрапейскіх суседзяў, краінай, дзе справядлівасьць і правы чалавека будуць пераважаць».
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.