Ізраіль працягвае ўдары па Лібане, «Хэзбала» спрабавала атакаваць Тэль-Авіў. Беларусам раяць пакінуць Лібан

Ракеты, выпушчаныя з паўднёвага Лібану, перахапіла ізраільская СПА «Жалезны купал» над Хайфай, на поўначы Ізраілю, 25 верасьня 2024

25 верасьня працягнуўся абмен ударамі паміж Ізраілем і лібанскай радыкальнай групоўкай «Хэзбала».

«Хэзбала» 25 верасьня заявіла, што нанесла ракетны ўдар па горадзе Тэль-Авіў, які месьціцца ў цэнтральнай частцы Ізраіля. Гэта адбылося першы раз за час апошняга абвастрэньня канфлікту паміж Ізраілем і «Хэзбалой». Мэтай удару, як сьцьвярджаецца, была штаб-кватэра ізраільскай выведкі «Масад».

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што перахапілі ракету, якая ляцела на Тэль-Авіў, і падкрэсьлілі, што яна была выпушчаная па жылым раёне, дзе няма штаб-кватэры «Масада». Таксама паведамляецца пра новыя абстрэлы поўначы Ізраілю. Ёсьць пацярпелыя.

Ізраіль, у сваю чаргу, працягвае наносіць удары па Лібане. Цэлямі Арміі абароны Ізраілю зьяўляюцца як паўднёвыя раёны, дзе разьмешчана большасьць базаў «Хэзбалы», так і раёны на поўнач ад Бэйруту. Паводле інфармацыі Reuters, галоўным цэлямі ізраільскіх удараў зьяўляецца вышэйшае камандаваньне «Хэзбалы», яе ракетны арсэнал, а таксама падземныя тунэлі.

Паводле зьвестак лібанскіх уладаў, да сярэдзіны дня 25 верасьня колькасць загінулых у выніку гэтых удараў перавысіла 20. Агулам з панядзелка 23 верасьня, калі Ізраіль пачаў інтэнсіўныя ўдары па Лібане, паводле мясцовых уладаў, загінулі амаль 600 чалавек.

25 верасьня амбасада Беларусі ў Сырыі апублікавала паведамленьне, у якім заклікала беларусаў ўстрымацца ад паездак у Лібан, а тым, хто ўжо там знаходзіцца, пакінуць краіну любымі магчымымі спосабамі. З такой рэкамэндацыяй беларускія дыпляматы выступілі «ў сувязі з абвастрэньнем ваенна-палітычнага становішча, якое працягваецца».

«Беларусам, якія жывуць ці знаходзяцца ў цяперашні час у Лібане, рэкамэндуем пакінуць краіну камэрцыйнымі рэйсамі. У выпадку немагчымасьці выкарыстоўваць наяўныя авіязносіны рэкамэндуем пераехаць на больш бясьпечныя тэрыторыі, у прыватнасьці грамадзянам, якія знаходзяцца ў паўднёвых рэгіёнах Лібанскай Рэспублікі», — паведамілі ў амбасадзе.

  • Цяперашняе абвастрэньне канфлікту паміж Ізраілем і «Хэзбалой», якія варагуюць ужо дзесяцігодзьдзі, пачалося ў кастрычніку 2023 году, пасьля пачатку вайны ў сэктары Газа.
  • Асабліва абвастрылася сытуацыя на мінулым тыдні, калі ў Лібане на працягу двух дзён выбухалі сродкі сувязі, якія належалі ўдзельнікам «Хэзбалы». Паводле крыніц Reuters, у выніку гэтых нападаў каля 1500 баевікоў «Хэзбалы» атрымалі цяжкія раненьні — шмат хто страціў зрок або пазбавіўся верхніх канцавінаў. Загінулі дзясяткі людзей, сярод якіх былі і мірныя жыхары. Ізраіль афіцыйна ня ўзяў на сябе адказнасьці за выбухі.
  • Як адзначаюць СМІ, нават аднаразовая страта паўтары тысячы чалавек, аднак, ня стала фатальным ударам для «Хэзбалы», у шэрагах якіх, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, каля 50 тысяч узброеных байцоў.
  • «Хэзбала» карыстаецца значным уплывам у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўдні. Групоўка, якая карыстаецца падтрымкай Ірану, выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хезбала» атакавала Ізраіль, той ударыў у адказ. Ізраільскі МЗС пераблытаў месца нараджэньня Хрыста