«Ня можа быць справядлівага міру без Украіны. Я дзякую кожнаму лідэру, кожнай краіне, якая падтрымлівае нас у гэтым, якая разумее нас, якая бачыць, як Расея, тэрыторыя якой больш як у 20 разоў перавышае тэрыторыю Ўкраіны, усё яшчэ хоча больш зямлі, — заявіў падчас свайго выступу Зяленскі. — І захоплівае яе дзень за днём, жадаючы зьнішчыць свайго суседа. І Расея знайшла для гэтага асаблівых прыяцеляў — Паўночную Карэю і Іран. Паказальны выбар сяброў».
На думку ўкраінскага прэзыдэнта, паколькі Расеі не ўдаецца перамагчы Ўкраіну на полі бою, Пуцін «шукае іншыя спосабы зламаць украінскі дух», адзін зь якіх — напад на энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны.
Зяленскі заявіў, што Расея «зьнішчыла ўсе цеплавыя электрастанцыі і большую частку гідраэлектрастанцый» ва Ўкраіне.
«Так Пуцін рыхтуецца да зімы. Спадзяецца змучыць мільёны ўкраінцаў. Звычайныя сем’і, жанчыны і дзеці. Звычайныя гарады, звычайныя паселішчы. Пуцін хоча пакінуць іх у цемры і холадзе гэтай зімой, змушаючы Ўкраіну пакутаваць і здавацца», — заявіў украінскі прэзыдэнт.
Падчас свайго выступу Зяленскі зноў казаў пра ўкраінскую «формулу міру», якую, паводле яго, падтрымалі каля 100 краін і міжнародных арганізацый. На саміце міру, адзначыў ён, «усе былі роўныя». «Вось што Расея ненавідзіць больш за ўсё. І ня можа кантраляваць. Вось чаму Расея кажа, што „формула міру“ ёй не пасуе», — сказаў прэзыдэнт Украіны, дадаўшы, што ў ААН немагчыма «па-сапраўднаму і справядліва вырашаць пытаньні вайны і міру», бо там «занадта шмат што залежыць» ад Рады Бясьпекі і права вэта, якім можа скарыстацца Расея.
Зяленскі паўтарыў, што Расея плянуе атакаваць тры ўкраінскія атамныя электрастанцыі, і заклікаў аднавіць ядзерную бясьпеку. Гэтае пытаньне, паводле яго, — першы пункт ягонай «формулы міру».
Прэзыдэнт Украіны паўтарыў тэзу пра тое, што вайна павінна завяршыцца не замарозкай канфлікту, а выкананьнем Статуту ААН, які прадугледжвае павагу да тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў.
26 верасьня Зяленскі сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. На сустрэчы, як чакаецца, ён прадставіць амэрыканскаму прэзыдэнту прапановы, якія ён называе «плянам перамогі» Ўкраіны ў вайне супраць Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што Пуцін працягвае ўцягваць Беларусь у вайну ва Ўкраіне