Пра гэта паведамляе Associated Press са спасылкай на прадстаўніка перадвыбарчага штабу Трампа. Паводле яго, такая сустрэча не была заплянаваная.
Пры гэтым украінскія афіцыйныя асобы раней сьцьвярджалі, што Зяленскі сустрэнецца з абодвума кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША — Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнткай Камалай Гарыс — каб прадставіць ім свае прапановы, якія ён называе «плянам перамогі» Ўкраіны ў вайне.
У апошнія дні Трамп зрабіў некалькі заяваў, у якіх паставіў пад сумнеў магчымасьць перамогі Ўкраіны ў вайне і неабходнасьць працягу той дапамогі Кіеву, якую надае цяперашняя адміністрацыя ЗША. Выступаючы 24 верасьня ў штаце Джорджыя, Трамп абвінаваціў прэзыдэнта Байдэна і віцэ-прэзыдэнтку Гарыс у тым, што яны «ўцягнулі ЗША» ў вайну ва Ўкраіне, і паабяцаў, што ў выпадку ягонай перамогі на выбарах Злучаныя Штаты «выйдуць з вайны», бо ён здолее дамовіцца пра мір. Ён таксама заявіў, што сумняваецца ў магчымасьці перамогі над Расеяй, бо Расея, паводле яго, умее добра ваяваць і раней змагла перамагчы Гітлера і Напалеона.
Раней Трамп выказаў меркаваньне, што Зяленскі хоча перамогі Камалы Гарыс на выбарах прэзыдэнта ЗША, і зноў ахарактарызаваў прэзыдэнта Ўкраіны як «найлепшага бізнэсоўца ў сьвеце», маючы на ўвазе ягоную здольнасьць забясьпечваць выдзяленьне Злучанымі Штатамі і іх саюзьнікамі дапамогі Ўкраіне.
Зяленскі не камэнтаваў апошнія выказваньні Трампа, аднак раней ён выказваў сумневы ў рэалістычнасьці прапановаў экс-прэзыдэнта адносна магчымасьці завяршыць вайну «за 24 гадзіны», а таксама крытыкаваў кандыдата ў віцэ-прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Джэя Д. Вэнса, выказаўшы нязгоду зь ягонай ідэяй наконт адмовы Ўкраіны ад часткі тэрыторыяў у абмен на мір.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў рэспубліканец Майк Джонсан заявіў, што ня ўпэўнены, што сустрэнецца зь Зяленскім. Пры гэтым вядома, што прэзыдэнт Украіны наведае Кангрэс 26 верасьня.
Прэзыдэнт Байдэн і віцэ-прэзыдэнтка Гарыс маюць намер сустрэцца зь Зяленскім у Белым доме 26 верасьня. Прэзыдэнт Украіны раней заяўляў, што прадставіць ім «плян перамогі». Пакуль незразумела, як амэрыканскае кіраўніцтва паставіцца да гэтага пляну, які прадугледжвае, паводле інфармацыі СМІ, такія меры, як запрашэньне Ўкраіны ў NATO і дазвол Украіне біць па расейскай тэрыторыі заходняй дальнабойнай зброяй.
Выступаючы напярэдадні на сэсіі Генасамблеі ААН, Байдэн заявіў, што ЗША будуць працягваць надаваць падтрымку Ўкраіне, каб дапамагчы ёй дабіцца перамогі і справядлівага міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times: ключавы пункт «пляну перамогі» Зяленскага — гарантыі бясьпекі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн на сэсіі Генасамблеі ААН: ЗША працягнуць падтрымку Ўкраіны