Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн на сэсіі Генасамблеі ААН: ЗША працягнуць падтрымку Ўкраіны


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на ​​сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на ​​сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы на ​​сэсіі Генсамблеі ААН, заявіў пра далейшую падтрымку Ўкраіны ў вайне з Расеяй і заклікаў іншыя краіны дабіцца таго, каб Украіна атрымала перамогу і захавала сваю свабоду, і каб быў дасягнуты справядлівы мір.

Па словах Джо Байдэна, расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін не дасягнуў сваіх мэтаў — падпарадкаваць сабе Ўкраіну і аслабіць NATO. На думку прэзыдэнта ЗША, цяпер ня час адмаўляцца ад падтрымкі Ўкраіны, наадварот — неабходна быць адзінымі ў гэтай падтрымцы.

«Нельга стамляцца, глядзець убок, трэба падтрымліваць Украіну, пакуль у ёй ня будзе ўсталяваны справядлівы і трывалы мір», — сказаў Байдэн.

Таксама ў сваёй прамове Байдэн закрануў сытуацыю на Блізкім Усходзе, адзначыўшы, што адзіны шлях да завяршэньня вайны ў сэктары Газа і канфлікту на ізраільска-лібанскай мяжы — мірныя перамовы. У той жа час ён асудзіў групоўкі ХАМАС і «Хэзбала» (прызнаныя тэрарыстычнымі ў ЗША і шэрагу іншых краін), якія ваююць з Ізраілем, зноў заклікаў неадкладна вызваліць захопленых у Ізраілі закладнікаў і асудзіў Іран за распальваньне канфліктаў у рэгіёне.

Важнае месца ў выступе Байдэна заняў таксама аповед пра дасягненьні ягонай адміністрацыі ў сфэры барацьбы са зьменамі клімату, а таксама пра яе дапамогу бедным і менш разьвітым краінам.

Гэта апошні выступ Байдэна ў ААН на пасадзе прэзыдэнта ЗША. Ён не балятуецца на другі тэрмін. У прамове Байдэн закрануў сваё рашэньне выйсьці з прэзыдэнцкай гонкі, зьвярнуўшыся да лідэраў іншых краін з заклікам не трымацца за крэслы:

«Ёсьць нешта больш важнае, чым вашыя пасады. Гэта вашыя народы», — сказаў Байдэн.

Раней на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі выступіў прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасью Лула да Сілва. Ён заявіў, што ягоная краіна сумесна з Кітаем распрацавала мірную ініцыятыву, закліканую спыніць вайну ва Ўкраіне. Раней гэтую ініцыятыву ўжо скрытыкавалі ў Кіеве, бо яна, па сутнасьці, утрымлівае прапанову пачаць перамовы без папярэдніх умоваў, у той час як Украіна настойвае на вывадзе расейскіх войскаў зь яе тэрыторыі.

25 верасьня на сэсіі Генэральнай Асамблеі чакаецца таксама выступ прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG