Ціханоўская ў ЗША паўдзельнічала ў Глябальным форуме будучыні і выступіла на адной сцэне з Клінтан і Навальнай

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу на Форуме глябальнай будучыні, арганізаваным Атлянтычнай Радай

25 верасьня на палях Генасамблеі ААН Сьвятлана Ціханоўская выступіла на Форуме глябальнай будучыні. Акрамя гэтага, беларуская дэмакратычная лідэрка выступіла на адной сцэне разам зь Юліяй Навальнай і Гілары Клінтан у рамках мерапрыемства фонду «Глябальная ініцыятыва Клінтана», якое прайшло ў Нью-Ёрку.

На палях Генасамблеі ААН Сьвятлана Ціханоўская выступіла на Форуме глябальнай будучыні, арганізаваным Атлянтычнай Радай, паведамляе яе прэс-служба. Форум — штогадовая сустрэча лідэраў і экспэртаў з розных краінаў, прысьвечаная абмеркаваньню і аналізу глябальных праблемаў у сучасным сьвеце.

У сваёй прамове Ціханоўская прыцягнула ўвагу да важнасьці міжнароднай салідарнасьці ў барацьбе за свабоду і падкрэсьліла: калі дэмакратыя перамагае ў адным месцы, яна натхняе перамены ўсюды.

«Калі мы нешта засвоілі за апошнія гады, дык гэта тое, што калі свабода пад пагрозай у адной краіне, яна пад пагрозай усюды. Барацьба за свабоду аб’ядноўвае нас усіх», — адзначыла Ціханоўская падчас свайго выступу.

На думку Ціханоўскай, барацьба за дэмакратыю часта рамантызуецца, але насамрэч «шлях да свабоды ўсыпаны болем, сьлязьмі і пакутамі», гэта «асабістая ахвяра», таму трэба заўжды памятаць пра тых, хто «плаціць вялікую цану за каштоўнасьці, якія мы так моцна падзяляем».

«Кажуць, калі хочаш ісьці хутка, ідзі адзін. Але калі хочаш дайсьці далёка — ідзі разам. Нашай барацьбе патрэбныя паплечнікі. Як дыктатары будуюць альянсы і вучацца адзін у аднаго, так і мы павінны заставацца адзінымі», — заклікала Ціханоўская.

Паводле яе, рэжым Лукашэнкі спадзяваўся, што гвалт сілавікоў пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі можа прымусіць людзей замаўчаць, але ён «распаліў агонь, які гарыць дагэтуль», і «кожны дзень беларусы працягваюць супраціўляцца — і ў падпольлі, і ў выгнаньні».

Акрамя гэтага, у рамках візыту ў ЗША 25 верасьня Сьвятлана Ціханоўская выступіла на адной сцэне з былой кіраўніцай Дзярждэпартамэнту ЗША (2009–2013) Гілары Клінтан і жонкай загінулага лідэра расейскай апазыцыі Аляксея Навальнага Юліяй Навальнай у рамках мерапрыемства фонду «Глябальная ініцыятыва Клінтана», якое прайшло ў Нью-Ёрку.

Выступаючы там, Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што калі дыктатура перамагае хаця б у адной краіне, то гэта становіцца пагрозай дэмакратыі ў цэлым.

«Цяпер мы жывём у вельмі цяжкія і неспакойныя часы. І я думаю, што кожны чалавек павінен зразумець — цяпер у кожнага больш абавязаньняў па ўмацаваньні дэмакратыі ня толькі ў вашай краіне, але таксама трэба дапамагаць тым, хто змагаецца за тыя ж каштоўнасьці, на якіх заснаваная ваша краіна», — сказала яна.

Ціханоўская адзначыла, што ў ЗША неўзабаве пройдуць прэзыдэнцкія выбары, і «гэта раскоша — ня ведаць, хто будзе тваім наступным прэзыдэнтам, таму што ў дыктатурах гэта вядома загадзя», а тыя, хто кідае выклік дыктатарам, апынаюцца ў турэмным зьняволеньні.

«Што трэба нацыям, якія змагаюцца супраць дыктатураў за чалавечую годнасьць і справядлівасьць, ад дэмакратычнага сьвету? Нам трэба, каб вы былі моцнымі, пасьлядоўнымі, каб вы выкарыстоўвалі ўсе інструмэнты, якія ёсьць у дэмакратыяў, для дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу», — сказала яна.

  • Сьвятлана Ціханоўская наведвае Злучаныя Штаты з 22 па 27 верасьня. У час гэтага візыту яна бярэ ўдзел у тыдні высокага ўзроўню 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН і сустракаецца з сусьветнымі лідэрамі, прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў і беларускай дыяспарай. Галоўная тэма абмеркаваньняў пры сустрэчах з удзелам Ціханоўскай — міжнародная падтрымка беларускага дэмакратычнага руху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская ў ААН заклікала разгледзець дыпляматычныя каналы для абмену вязьнямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мерапрыемствах ААН у Нью-Ёрку бяруць удзел Сьвятлана Ціханоўская і дэлегацыя ад афіцыйнага Менску