Дата дня
26 верасьня ў Эўропе адзначаецца Эўрапейскі дзень моваў. Упершыню яго адзначылі ў 2001 годзе як складовую частку Эўрапейскага году моваў, пасьля завяршэньня якога Камітэт міністраў Рады Эўропы вырашыў адзначаць Дзень моваў штогод.
Паняцьце эўрапейскія мовы больш шырокае, яго ня варта блытаць з афіцыйнымі мовамі краін-чальцоў Эўразьвязу. На тэрыторыі Эўропы налічваецца 225 аўтахтонных моваў (мовы карэнных народаў), больш за 2/3 якіх або ўжо вымерлі, або знаходзяцца на мяжы зьнікненьня ў выніку паступовай асіміляцыі ў становішчы моўнай меншасьці (напрыклад, ірляндзкая мова і інш.).
Асноўная мэта дня — заахвочаньне вывучэньня і засваеньне розных моваў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцьця чалавека.
Дзень у гісторыі
1629 — 1629 — Альтмаркскае замірэньне, заключанае на 6 гадоў у Альтмарку (Altmark; цяпер Стары-Тарг, Польшча) паміж Швэцыяй і Рэччу Паспалітай. Такім чынам скончылася вайна 1600–1629 гадоў.
1655 — расейскія войскі спалілі Пінск.
1815 — у Парыжы Аўстрыя, Прусія і Расея падпісалі дамову аб стварэньні Сьвятога саюзу, мэтамі якога было здушыць рэвалюцыйныя і нацыянальна-вызвольныя рухі ў Эўропе.
1960 — Фідэль Кастра зрабіў самую доўгую прамову ў гісторыі ААН, якая доўжылася 4 гадзіны 29 хвілін.
1969 — Выйшаў апошні студыйны альбом The Beatles «Abbey Road».
1983 — савецкі падпалкоўнік Станіслаў Пятроў прадухіліў патэнцыйную ядзерную вайну, калі праз збой у сыстэме папярэджаньня аб ракетным нападзе паступіла памылковае паведамленьне пра атаку з боку ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалавек, які прадухіліў ядзерную вайну. «Ня меў права расказваць нават родным», — згадвае сын
1990 — створана Беларускае таварыства архівістаў.
2020 — у Менску прайшоў жаночы марш, які яго ўдзельніцы назвалі рэпэтыцыяй «народнай інаўгурацыі» Сьвятланы Ціханоўскай.
2022 — у ноч на 26 верасьня ў Чырвоным касьцёле ў Менску адбыўся пажар пры дзіўных абставінах, пасьля якога ўлады аб’явілі, што далейшая эксплюатацыя будынка небясьпечная і ён мае патрэбу ў рамонце. Касьцёл, які наведвалі каля 10 тысяч вернікаў, закрылі і з таго часу практычна ніякія работы ў храме не праводзілі.
У гэты дзень нарадзіліся
1788 — Іван Насовіч, беларускі філёляг, этнограф і фальклярыст, стваральнік слоўніка беларускай мовы.
1849 — Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне (1904).
1888 ― Томас Стэрнз Эліёт, амэрыканскі паэт, драматург і літаратурны крытык.
1889 ― Марцін Гайдэгер, нямецкі філёзаф.
1898 ― Джордж Гершвін, амэрыканскі кампазытар.
1910 ― Уладзімер Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.
1925 ― Навум Кісьлік, беларускі пісьменьнік.
1932― Уладзімір Войнавіч, расейскі пісьменьнік, савецкі дысыдэнт.
1965 — Пятро Парашэнка, украінскі палітык і прадпрымальнік, прэзыдэнт Украіны ў 2014–2019 гадах.
У памяці
1964 — Сендэр Палеес, мастацтвазнаўца і гісторык. Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага мастацкага музэя БССР.
1966 — Іван Сікора, беларускі сэлекцыянэр. Ён адным зь першых у Эўропе распрацаваў мэтодыку лячэньня і амаладжэньня пладовых дрэваў. Распаўсюдзіў па Беларусі больш за 50 тысяч саджанцаў.
1973 — Тарас Сайка, пратэстанцкі пастар, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзяяч беларускага замежжа ў ЗША, ініцыятар перакладу Бібліі на беларускую мову, мэцэнат.
1976 — Леаніла Чарняўская (у замужжы Гарэцкая), пісьменьніца і перакладчыца; удзельніца нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.
1978 ― Антон Сеўчанка, беларускі фізык, акадэмік АН Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
1990 ― Альбэрта Маравія, італьянскі пісьменьнік.