Урад Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе

Нацыянальная сымболіка на форме літоўскіх мытнікаў. Ілюстрацыйнае фота прэсавай службы ўраду Літвы

Урад Літвы падтрымаў ініцыятыву Міністэрства фінансаў наконт дэнансацыі пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўраду, такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні 25 верасьня. Дэнансавалі і аналягічнае пагадненьне з Расеяй.

«Улічваючы беспрэцэдэнтную ваенную агрэсію Расеі і яе саўдзельніцы Беларусі супраць Украіны, грубае парушэньне міжнароднага права, а таксама тое, што на практыцы трансьмежная гандлёва-эканамічная супраца з гэтымі дзяржавамі цалкам прыпыненая і немагчымая, мэтазгодна дэнансаваць пагадненьні», — заявіла міністар фінансаў Гінтарэ Скайсьце.

Ад пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны літоўская мытня практычна не супрацоўнічала з мытнымі службамі Расеі і Беларусі і ніякай інфармацыяй не абменьвалася. Двухбаковыя пагадненьні аб супрацы і ўзаемадапамозе ў галіне мытнай дзейнасьці, якія ўрад заключыў яшчэ да ўступленьня Літвы ў Эўрапейскі Зьвяз, таксама ня маюць больш практычнага значэньня, таму што мытная супраца належыць да выключнай кампэтэнцыі ЭЗ, адзначылі ва ўрадзе Літвы.

Цяпер рашэньне аб дэнансацыі Літва накіруе ў Расею. Дакумэнты страцяць моц праз паўгода пасьля атрыманьня другім бокам гэтага паведамленьня. Датычна дамовы зь Беларусьсю пастановы ўраду Літвы пра дэнансацыю недастаткова. Гэтае рашэньне павінны ўхваліць прэзыдэнт і парлямэнт краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства фінансаў Літвы прапанавала ўраду разарваць дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справе

У сярэдзіне жніўня Міністэрства фінансаў Літвы распрацавала і перадало на разгляд ураду праекты пастаноў аб разрыве дамоваў зь Беларусьсю і Расеяй аб супрацы ў мытнай сфэры.

Літва падпісала дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 году ў Вільні, а з Расеяй аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў галіне мытнай дзейнасьці — у лютым 1995 году ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буйную літоўскую кампанію, якая мелася друкаваць «пашпарты Новай Беларусі», улады Літвы прызналі ненадзейнай