Пасьля рашэньня Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Цэнтар пэрсаналізацыі дакумэнтаў скасаваў кантракт з кампаніяй на вытворчасьць пашпартоў, піша агенцыя bns.lt са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў Літвы.
Кіраўніца МУС Літвы Агне Білатайце, рэагуючы на расьследаваньне літоўскіх журналістаў, апублікаванае на 15min.lt, аб магчымых сувязях прадстаўнікоў Garsų pasaulis з рэжымам у Беларусі, зьвярнулася ў VSD з просьбай правесьці паўторную ацэнку надзейнасьці кампаніі.
«Пасьля таго, як VSD прызнаў кампанію ненадзейнай, Цэнтар пэрсаналізацыі дакумэнтаў пры Міністэрстве ўнутраных спраў скасоўвае дамову з Garsų pasaulis на аказаньне паслуг», — гаворыцца ў заяве міністэрства.
Раней у тым ліку Беларускі расьсьледніцкі цэнтар высьветліў, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала блянкі дакумэнтаў для грамадзян Літвы і была выбраная для друку «пашпартоў Новай Беларусі», зьвязаная зь фірмай GP Holographics і беларускім бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.
Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кіргізстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер праверку ў дачыненьні да яе вядуць адначасова Служба расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
З 2014 году кампанія Garsų pasaulis выйграла ўсе тры тэндэры на выраб блянкаў пашпартоў у Літве, апошні — у 2022 годзе, на суму звыш 30 мільёнаў эўра.
Форум