Юрыст зь Нямеччыны Фэрдынанд Мюлер падаў заяву аб завядзеньні крымінальнай справы супраць нямецкага дэпутата ад партыі AfG Ёрга Дорнаў.
«Падаў заяву аб пачатку крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам. Калі інфармацыя, прадстаўленая беларускім выданьнем, пацьвердзіцца, то гэта відавочны выпадак эксплюатацыі людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы», — напісаў Мюлер у сацсетцы Х.
Раней Reform.news высьветліў, што нямецкі бізнэсовец, дэпутат парлямэнту зямлі Саксонія ад праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD) і ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Ёрг Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў беларусаў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, для працы на сваёй плянтацыі пад Лідай.
Ім плацілі каля 5 эўра на дзень. Дорнаў, паводле зьвестак выданьня, асабіста правяраў працу зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На плянтацыі нямецкага дэпутата пад Лідай працавалі палітвязьні, — Reform.news