Расейскі прадстаўнік у ААН Васіль Небензя перад пачаткам паседжаньня заявіў, што расейская дэлегацыя ня мае намеру выслухоўваць «клянаваныя выступы» з крытыкай Масквы за агрэсію супраць Украіны, аднак падчас выступу Зяленскага ён не пакінуў залю.
Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пасьля анэксіі Крыму 10 гадоў таму зьявілася парушэньнем Статута ААН, адзначыў, папярэднічаючы выступу Зяленскага, генсакратар ААН Антонію Гютэрыш.
У сваім выступе Ўладзімір Зяленскі заявіў, што вайна не павінна завяршыцца «замарозкай» ці нейкім «абменам», але трыюмфам Статуту ААН, які прадугледжвае павагу да тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаваў. Паводле яго, з пачатку ўварваньня расейскае войска рабіла рэчы, якія немагчыма апраўдаць паводле Статуту ААН.
«Расея ня можа спасылацца на Статут ААН для таго, каб патлумачыць свае дзеяньні супраць Украіны. (...) Расея маўчыць, бо яна ня можа растлумачыць, чаму расейскія ракеты нядаўна ўдарылі па караблі, які рухаўся ў Эгіпет у Чорным моры. Расея маўчыць, таму што ня можа растлумачыць, чаму яе дроны і ракеты заходзяць у паветраную прастору Польшчы і Румыніі», — сказаў падчас свайго выступу Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што некаторыя краіны хочуць размаўляць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным падчас мірных перамоваў аб заканчэньні вайны ва Ўкраіне, але, на думку Зяленскага, «гэтую вайну немагчыма спыніць проста перамовамі».
«Патрабуюцца дзеяньні. Пуцін парушыў многія міжнародныя правілы, ён ня спыніцца сам, Расея можа быць толькі прымушаная да міру. Гэта менавіта тое, што трэба — прымусіць Расею прыняць мір і спыніць агрэсара ў гэтай вайне», — дадаў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны зноў заклікаў краіны сьвету падтрымаць раней прапанаваную ім «формулу міру» і заклікаў усе краіны ўзяць удзел у другім саміце міру.
Таксама Зяленскі выступіў са сьцьвярджэньнем, што Расея, паводле наяўнай інфармацыі, мае намер атакаваць украінскія атамныя электрастанцыі. Расейскія ўлады раней вылучалі аналягічныя абвінавачаньні ў адрас Украіны.
Прамую трансьляцыю пасяджэньня вёў тэлеканал «Настоящее время».
25 верасьня, як чакаецца, Зяленскі яшчэ раз выступіць у ААН — на сэсіі Генасамблеі гэтай арганізацыі. 26 верасьня ён сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. На сустрэчы, як чакаецца, ён прадставіць амэрыканскаму прэзыдэнту прапановы, якія ён называе плянам перамогі Ўкраіны ў вайне супраць Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Расеяй Украіны, мірныя перамовы і саміт ААН. Ці ёсьць пэрспэктыва завяршыць вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзінота дыктатараў. Галасаваньне ў ААН выявіла маштаб міжнароднай ізаляцыі Расеі і Беларусі