Пракуратура акупаванага Расеяй Данецку ўжо накіравала справу ў суд. На сайце ведамства паведамляецца, што 21-гадовага беларуса Аляксандра Думбляўскаса завочна абвінавачваюць па ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэксу Расеі «Удзел ва ўзброеным канфлікце»).
У паведамленьні сьцьвярджаецца, што «ў пэрыяд з лютага 2022 года па ліпень 2024 году ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага [ён] прымаў удзел у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны ў розных кропках баявога судотыку ў якасьці найміта» і за гэта нібыта «атрымаў узнагароду ў памеры, эквівалентным больш за 2 млн рублёў» (каля 21,5 тыс. даляраў).
Думбляўскас, як сьцьвярджаецца, «абвешчаны ў міжнародны вышук», яго завочна арыштавалі.
Аляксандар Думбляўскас — сірата. Ён быў сябрам 17-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага — таксама сіраты, які ў траўні 2021 году загінуў, скінуўшыся з 16-га паверху менскага інтэрнату пасьля ціску сілавікоў.
На Думбляўскага і Стахоўскага завялі крымінальную справу па арт. 293 ч. 2 Крымінальнага кодэксу (Удзел масавых беспарадках) за ўдзел у пратэстах 2020 году. Думбляўскаса тады затрымалі і ён прасядзеў 11 месяцаў у СІЗА, а пасьля выхаду на волю быў эвакуяваны зь Беларусі.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне далучыўся да палка Каліноўскага, узяў пазыўны «Тунгус».
- 17 верасьня пракуратура так званай «ДНР» таксама накіравала ў суд справу супраць 28-гадовага грамадзяніна Беларусі Яна Дзюрбейкі, які ваяваў у палку Кастуся Каліноўскага і, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году.
- Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, пазьней трансфармаваўся ў полк.
- У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага завялі крымінальную справу, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуецца ўладамі.