«ПіК Свабоды». Як спыніць рэпрэсіі? Дыскусія Вольгі Лойкі і Андрэя Стрыжака

Вольга Лойка, Андрэй Стрыжак, каляж

Ці ўзмацняюцца ў Беларусі палітычныя рэпрэсіі? Ці павінна вызваленьне палітвязьняў быць прыярытэтам для дэмакратычных сілаў? Якія хібы і перавагі стратэгій паразуменьня з уладай і змаганьня зь ёю?

Наконт гэтых пытаньняў Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца кіраўнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак і рэдактарка выданьня «План Б», былая палітзьняволеная Вольга Лойка.

— За апошнія тры месяцы ў Беларусі выйшлі на волю 115 памілаваных палітвязьняў. За кратамі застаюцца, паводле «Вясны», 1322. Столькі ж іх было ў жніўні 2022 году. Зь іншага боку — ваша, Андрэй, учорашняя заява, што зараз рэпрэсіі паглыбляюцца. Паводле вас, на 50–80% вырасла колькасьць заявак у фонд BySol па дапамогу ад перасьледу ў Беларусі. Вольга, ці пагаджаецеся вы, што сытуацыя пагаршаецца? Ацэнка гэтай сытуацыі вымяраецца ж не адно колькасьцю палітвязьняў?

Лойка: Так. Але і ня толькі колькасьцю запытаў да Андрэя на эвакуацыю. Людзі, якія доўга спрабавалі заставацца ў Беларусі, адчуваюць, што вакно магчымасьцяў можа зачыніцца. І калі ня выехаць зараз, можна ня выехаць ніколі. Надзея на тое, што адліга будзе ўцямнай, не апраўдваецца. І людзі вырашаюць выехаць, у тым ліку і былыя палітвязьні. Некаторыя застаюцца, спрабуючы вырашыць свае праблемы і выехаць спакойна пазьней. Шмат у каго гэта не атрымліваецца, як не атрымалася ў мяне, і мы скарысталіся дапамогай Андрэя і BySol. Дзякуй ім. Людзі зьяжджаюць, нават калі матэматычна можна даказаць, што ў нас ёсьць аслабленьне рэпрэсіяў.

Колькасьць палітычных вязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю (паводле справаздачаў «Вясны»)

— Андрэй, колькасьць палітвязьняў усё ж зьніжаецца. У траўні 2023 году іх было 1496. Тады сытуацыя была лепшая?

Стрыжак: Не засяроджвайцеся на абсалютных лічбах. Сотняй менш ці больш — гэта не ўплывае на агульную сытуацыю з рэпрэсіямі. «Вясна» і Dissidentby паведамляюць толькі пра тых, пра каго ведаюць. Шмат людзей, якія атрымалі палітычна матываваныя прысуды, не зьвяртаюцца ні ў якую праваабарончую арганізацыю праз страх перасьледу.

«Вясна» зараз рэгулярна прызнае людзей палітвязьнямі постфактум. Часам яны выходзяць на волю, нават выехалі з краіны — і толькі пасьля наважыліся паведаміць, што іх перасьледавалі па крымінальных артыкулах, зьвязаных з палітыкай. І таму рэальная лічба перасьледаваных за палітычныя перакананьні можа быць значна большай. А другі момант — гэта тое, што рэпрэсіі не спыняюцца. Я дастаткова падрабязна апісаў у сваім посьце ў Telegram, у якіх менавіта сфэрах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не мужчынам, якія зьехалі ў 2020-м, расказваць мне пра рэпрэсіі і катаваньні». Гарбунова — пра прычыны адстаўкі

— Навідавоку спрэчка паміж рознымі падыходамі, якія вы адстойваеце і ўвасабляеце. Мэта ў абодвух выпадках — вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў, дэмакратызацыя Беларусі. Як гэтаму паспрыяць? Праз пошук паразуменьня з уладай ці празь ціск на яе?

Андрэй, чаму ціск лепшы? Ён хутчэй прывядзе да мэты?

Стрыжак: Вялікая рызыка альтэрнатыўных варыянтаў — ісьці на перамовы, калі незразумелы іх прадмет. Бываюць такія саступкі, калі ты іх потым ня можаш адклікаць. Тое, што ў нас зараз ёсьць, — гэта стратэгія ціску, якая прапрацоўваецца 4 гады. І ў нас няма ніякіх пацьверджаньняў таго, што яна не працуе. Менавіта яна прывяла да вызваленьня тых палітвязьняў, якія выйшлі зараз. Я сёньня прачытаў інтэрвію Юрыя Васкрасенскага — «гаворачага рота рэжыму». І ён там кажа, што ня ціск прывёў да вызваленьня палітвязьняў. Але калі ўлада пра нешта кажа «не», то трэба чытаць: «так». Значыць, ціск усё ж прымушае іх да таго, каб Васкрасенскі даваў інтэрвію «Люстэрку». Любога іншага пасадзілі б за сам факт такога інтэрвію. Ціск — гэта адна з стратэгіяў, якая працуе.

— Вольга, мы пачулі ад Андрэя, што ціск працуе. Чаму, на ваш погляд, пошук паразуменьня — лепшы?

Лойка: Я б не хацела разважаць у сярэднетэрміновых пэрспэктывах. Я ведаю, што зараз некалькі чалавек, у тым ліку і жанчын, знаходзяцца ў надзвычай складаным фізычным становішчы. Ім патрэбная дапамога зараз. Я не хачу абмяркоўваць, ці дапаможа ціск на працягу, скажам, паўгода. У гэтых людзей такога часу няма. Умовы, у якіх яны існуюць у калёніях і СІЗА, абсалютна невыносныя. Я бачу, што ў рэжыму ёсьць запыт, ён яго паказаў. З такімі рэжымамі дамаўляюцца, і дамаўляюцца пра складаныя абмены. У нас ёсьць кантакт зь людзьмі, якія ладзілі вялікі абмен вязьнямі паміж Захадам і Расеяй і Беларусьсю, які так узрушыў беларусаў. Зь вялікай імавернасьцю падобныя абмены будуць у бліжэйшы час. І наша задача — каб беларусы ў іх апынуліся. І дзякуй тым, хто ўключыўся ў гэтую працу, у тым ліку і офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Гэта разумна і правільна.

Пра перавагі і хібы паразуменьня з уладамі і ціску на іх і пра магчымасьць каардынацыі двух падыходаў — глядзіце відэа дыскусіі Вольгі Лойкі і Андрэя Стрыжака:

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.