Пра гэта піша брытанская газэта The Sunday Times, адзначаючы, што гарантыі павінны быць такімі, каб ад іх не магла адмовіцца новая адміністрацыя ЗША, у тым ліку ў выпадку гіпатэтычнай перамогі на выбарах рэспубліканца Дональда Трампа.
Сярод чатырох асноўных пунктаў пляну Зяленскага, як піша газэта са спасылкай на крыніцы, запыт аб гарантыях бясьпекі займае ключавое месца. Па сутнасьці, ідзецца аб гарантыях, аналягічных пятаму артыкулу дамовы аб калектыўнай абароне Паўночнаатлянтычнага альянсу. Яшчэ адзін пункт пляну, пра які не паведамлялася раней, — падтрымка працягу апэрацый УСУ на тэрыторыі Расеі, у прыватнасьці ў Курскай вобласьці. Акрамя таго, у пляне гаворыцца пра гарантыі паставак Украіне сучаснай зброі і пра міжнародную фінансавую дапамогу.
Раней шэраг выданьняў пісалі пра тое, што плян прадугледжвае таксама фармальнае запрашэньне Ўкраіне ўступіць у NATO і дазвол на ўдары ўглыб тэрыторыі Расеі заходняй дальнабойнай зброяй. Афіцыйна плян пакуль не апублікаваны. Уладзімір Зяленскі раней казаў, што ён складаецца з чатырох пунктаў і яшчэ аднаго, які будзе актуальны ўжо для пасьляваеннага пэрыяду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс прэзыдэнта Ўкраіны зьняпраўдзіў артыкул Bild пра плян замарожваньня вайныКрыніцы The Sunday Times таксама пішуць, што Байдэн падчас візыту Зяленскага, хутчэй за ўсё, публічна не абвесьціць пра зьняцьцё забароны на выкарыстаньне амэрыканскіх дальнабойных ракет для ўдараў па тэрыторыі Расеі. Такое рашэньне, аднак, можа быць прынятае негалосна, як раней пісала брытанская газэта The Guardian. Расейскія ўлады раней пагражалі Захаду наступствамі ў выпадку прыняцьця такога рашэньня.
Няясна, якім чынам маглі б быць аформленыя гарантыі бясьпекі Ўкраіны, аналягічныя яе ўдзелу ў NATO. Шэраг краін Захаду, у тым ліку і ЗША, неаднаразова падкрэсьлівалі, што, дапамагаючы Ўкраіне, маюць намер пазьбягаць прамога збройнага канфлікту з Расеяй.
Паводле The Sunday Times, Зяленскі хоча «абараніць ад Трампа» амэрыканскую падтрымку Кіеву, пасьля таго як Трамп і рэспубліканскі кандыдат у віцэ-прэзыдэнты Джэймз Дэйвід Вэнс паабяцалі спыніць вайну ва Ўкраіне шляхам тэрытарыяльных саступак.
Спрабуючы заручыцца падтрымкай ягонага пляну дзейнай адміністрацыяй ЗША, Зяленскі імкнецца прадухіліць прымус ягонае краіны да нявыгаднага мірнага пагадненьня з РФ у выпадку вяртаньня Трампа ў Белы дом. «Давайце зробім усё гэта сёньня, пакуль пасады займаюць афіцыйныя асобы, якія жадаюць перамогі Ўкраіны», — цытуе брытанская газэта словы ўкраінскага прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША: выкарыстаньне амэрыканскай зброі Ўкраінай для нанясеньня далёкіх удараў па Расеі ня зьменіць хаду вайныУладзімір Зяленскі прыбыў у Нью-Ёрк у нядзелю, 23 верасьня. На наступным тыдні ён, як чакаецца, выступіць на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН. 26 верасьня ў Белым доме павінна адбыцца яго сустрэча з Джо Байдэнам. Ён мае намер сустрэцца таксама з абодвума кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША — Камалай Гарыс і Дональдам Трампам. Заплянаваныя і яго сустрэчы з кіраўніцтвам Кангрэсу, а таксама лідэрамі шэрагу краін і міжнародных арганізацый.
У відэазвароце, які Зяленскі запісаў у дарозе ў ЗША, ён зазначыў, што гэтай восеньню «вырашаецца, што будзе далей у гэтай вайне».
У інтэрвію амэрыканскаму выданьню The New Yorker перад візытам у ЗША Зяленскі зазначыў, што лічыць «жахлівай» думку, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн не падтрымае прапанаваны Ўкраінай плян. На думку Зяленскага, гэта прывяло б да вельмі доўгай вайны зь вялікай колькасьцю ахвяр. «Гэта азначала б, што Байдэн ня хоча скончыць вайну спосабам, які пазбаўляе Расею перамогі», — адзначыў Зяленскі, падкрэсьліўшы, што ў гэтым выпадку Ўкраіна працягнула б «жыць паводле пляну Б».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.