Падкаст Свабоды «Архіпэляг БЕЛАГ» — у фінале прэстыжнага міжнароднага конкурсу

Застаўка праекту «Архіпэляг БЕЛАГ»

Візуалізаваны падкаст Беларускай службы Радыё Свабода «Архіпэляг БЕЛАГ», які расказвае пра карную сыстэму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, трапіў у фінал журналісцкага конкурсу Асацыяцыі міжнароднага вяшчаньня (AIB). Пра гэта стала вядома 23 верасьня.

Падкаст-сэрыял Ганны Соўсь «Архіпэляг БЕЛАГ» трапіў у «кароткі сьпіс» фіналістаў у катэгорыі «Відэа/палітыка», дзе змагаецца за перамогу з шасьцю іншымі фіналістамі, сярод якіх праекты сусьветных мэдыя — Australian Broadcasting Corporation, Financial Times, BBC Africa і Al Jazeera English.

«AIB адзначае найвышэйшыя стандарты ў журналістыцы і падачы фактаў на розных плятформах, такіх як тэлебачаньне, радыёвяшчаньне і інтэрнэт. Трапіць у „шорт-ліст“ — значнае дасягненьне, бо заяўкі ва ўсе нашы катэгорыі ў 2024 годзе, як ніколі раней, надзвычай высокай якасьці», — гаворыцца ў паведамленьні Асацыяцыі міжнароднага вяшчаньня (AIB).

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы правялі вас праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамаглі былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

У фінал конкурсу трапілі яшчэ два праекты Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода: расьсьледаваньне Ўкраінскай службы Радыё Свабода пра выкраданьне дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый і падкаст Radio Farda (Іранская служба Радыё Свабода) пра іранскіх спартовак, мары якіх разбурыў гендэрны ўціск.

Абвяшчэньне і ўганараваньне пераможцаў конкурсу AIB адбудзецца 22 лістапада ў Лёндане.

Асацыяцыя міжнароднага вяшчаньня (AIB) — гэта няўрадавая арганізацыя, якая адзначае тэле-, радыё- і інтэрнэт-вяшчальнікаў за прафэсійную журналістыку. Сакратарыят AIB месьціцца ў Вялікай Брытаніі.