Міністэрства аховы здароўя Лібану паведаміла, што ў выніку атак загінулі каля 100 чалавек, сотні параненыя. З паведамленьня не зразумела, колькі загінулых былі чальцамі «Хэзбалы», а колькі — цывільнымі жыхарамі.
Атака стала самай масаванай з кастрычніку 2023 году, калі ўсьлед за пачаткам баявых дзеяньняў у сэктары Газа абвастрылася і сытуацыя на ізраільска-лібанскай мяжы. У панядзелак Ізраіль упершыню заклікаў жыхароў паўднёвага Лібану эвакуавацца з дамоў і іншых будынкаў, дзе, паводле ізраільскіх зьвестак, захоўваецца зброя. Ізраіль папярэдзіў, што вайскоўцы будуць наносіць «маштабныя ўдары» па групоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хезбала» атакавала Ізраіль, той ударыў у адказ. Ізраільскі МЗС пераблытаў месца нараджэньня ХрыстаНіякіх прыкмет эвакуацыі не было, піша Associated Press, мяркуючы, што лібанцы могуць ня ведаць, што жывуць у дамах, дзе, паводле ізраільскіх зьвестак, захоўваецца зброя «Хэзбалы».
У той час, калі Ізраіль наносіў удары па поўдні Лібану, на поўначы Ізраілю гучала трывога, бо зь лібанскага боку паляцелі ракеты. На поўначы Ізраілю раненьні ў выніку абстрэлу атрымаў адзін чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Іранскія ўлады забаранілі камунікацыйныя прылады пасьля ўдару па «Хэзбале»Раней у нядзелю, 22 верасьня, «Хэзбала» выпусьціла па Ізраілі каля 150 ракет у адказ на ягоныя атакі ў папярэднія дні, падчас якіх загінулі дзясяткі баевікоў і вышэйшыя камандзіры групоўкі. Ад абстрэлаў, як і ад выбухаў прыладаў сувязі, у арганізацыі якіх падазраюць Ізраіль, таксама загінулі жанчыны і дзеці, паведамляла Міністэрства аховы здароўя Лібану.
«Хэзбала» мае значны ўплыў у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўначы. Групоўка, якая карыстаецца падтрымкай Ірану, выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуаваныя з памежных раёнаў з абодвух бакоў.
Цяперашні канфлікт паміж Ізраілем і «Хэзбалой» — самы сур’ёзны з часоў другой лібанскай вайны 2006 году, адзначае агенцтва Reuters.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.