Гэтая зямля былой ГДР атачае фэдэральную сталіцу Бэрлін. Сацыял-дэмакратам (SPD), якія кіруюць Брандэнбургам з часоў аб’яднаньня Нямеччыны, удалося зноў заняць першае месца, хоць у часе кампаніі яны адставалі ад праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD).
У выніку SPD атрымалі 30,9% галасоў, палепшылі свой вынік у параўнаньні з 26% пяць гадоў таму і апярэдзілі AfD, якая атрымала 29,2%. Для Шольца гэтая перамога мае вялікае значэньне. Ён жыве ў Потсдаме, сталіцы Брандэнбургу, і партыі трэба было паказаць хоць нейкі вынік пасьля дзьвюх разгромных паразаў у Турынгіі і Саксоніі тры тыдні таму.
У апошнія тыдні ўсё больш голасна гучалі пытаньні, як доўга фэдэральны ўрад зможа працягваць кіраваць пасьля такіх кепскіх вынікаў. Але цяпер выглядае, што ён усё ж такі даіснуе да агульных выбараў, якія павінны адбыцца ў верасьні 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што значыць перамога ўльтраправых на выбарах ва ўсходніх землях НямеччыныАднак застаецца адкрытым пытаньне, наколькі вялікая ў гэтых выніках заслуга Шольца. Апошнім часам ён зьмяніў рыторыку, спрабуючы выкарыстаць страхі наконт міграцыі і дапамогі Ўкраіне, якія распаўсюджаныя сярод значнай часткі электарату, асабліва на ўсходзе краіны. У апошнія тыдні ён актыўней выступаў за мірныя перамовы з удзелам Расеі, а ў верасьні ўвёў на ўсіх межах Нямеччыны памежны кантроль, каб зьменшыць міграцыю — гэта адбылося пасьля сьмяротнага нападу з нажом у горадзе Золінген. Адказнасьць за напад узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».
Тым ня менш выглядае, што канчатковыя лічбы сталі вынікам, з аднаго боку, галасаваньня за партыю Шольца з мэтай не дапусьціць перамогі AfD, а з другога — папулярнасьці цяперашняга прэм’ера Брандэнбургу Дытмара Войдке. Хоць абодва належаць да аднае партыі, Войдке падчас перадвыбарчай кампаніі пазьбягаў Шольца і адкрыта крытыкаваў фэдэральны ўрад.
Таксама варта адзначыць, што фэдэральныя партнэры Шольца па кааліцыі, «зялёныя» і лібэральная FDP, у Брандэнбургу цалкам праваліліся. Першыя атрымалі толькі 4,1% галасоў і не прайшлі пяціпрацэнтны бар’ер для прадстаўніцтва ў зямельным парлямэнце, а FDP набрала мізэрныя 0,8%, што стала іхным найгоршым вынікам у рэгіянальных выбарах.
Хоць AfD ня здолела заняць першае месца ў Брандэнбургу, іх рэйтынг зноў падрос. Без сумневу, партыя стала галоўным пераможцам на трох усходніх выбарах у верасьні. Яны занялі другое месца на двух зь іх, прычым упершыню пасьля Другой сусьветнай вайны партыя з крайне правымі поглядамі перамагла на рэгіянальных выбарах у Турынгіі.
Усходняя частка краіны мае свае адрозьненьні: значная частка выбарцаў выступае там супраць міграцыі і ставіцца да Масквы цяплей, чым на захадзе. Гэта прычынілася да посьпеху новай левай партыі BSW (Альянс Сары Вагенкнехт), якая падзяляе многія палітычныя погляды з AfD. Альянс заняў у Брандэнбургу трэцяе месца з 13,5% галасоў.
На фэдэральным узроўні крайнія левыя і правыя сілы разам могуць атрымаць каля траціны галасоў. Гэта шмат, але ўва ўрад яны ня ўвойдуць. Аднак яны будуць уплываць на дзяржаву з найбуйнейшай у Эўразьвязе эканомікай, прымушаючы яе акцэнтаваць увагу на пытаньнях міграцыі і Ўкраіны.
Гэта адбываецца ня толькі ў Нямеччыне. Чэскі папуліст Андрэй Бабіш паказаў добры вынік на рэгіянальных выбарах у той жа дзень, кал адбыліся і выбары ў Брандэнбургу, і мае добрыя шанцы стаць у наступным годзе прэм’ер-міністрам. А ў бліжэйшыя выходныя парлямэнцкія выбары праводзіць Аўстрыя, дзе ў апытаньнях упэўнена лідзіруе крайняя правая папулісцкая «Партыя Свабоды» (FPO). Выглядае, што Эўропа ўсё больш замыкаецца ў сабе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ультраправыя здабылі першую перамогу на выбарах у Нямеччыне з часоў ІІ усясьветнай вайны