Галоўнай тэмай абмеркаваньняў пры сустрэчах з удзелам Ціханоўскай стане міжнародная падтрымка беларускага дэмакратычнага руху. Сьвятлана Ціханоўская прыме ўдзел у асноўных мерапрыемствах, арганізаваных Атлянтычнай радай, Глябальнай ініцыятывай Клінтана і беларускім Свабодным тэатрам, паведамляе прэс-служба палітыка.
Напярэдадні палёту сама Ціханоўская пракамэнтавала свой візыт:
«У час гэтага візыту я падыму пытаньне нашых палітычных зьняволеных і зьвярну ўвагу на крайнюю неабходнасьць рашучай стратэгіі для іх вызваленьня. Я таксама буду казаць пра сур’ёзную пагрозу незалежнасьці Беларусі і неабходнасьць неадкладнага вываду расейскіх войскаў і ядзернай зброі з нашай тэрыторыі. Важнай тэмай стане неабходнасьць правасудзьдзя і прыцягненьне да адказнасьці тых, хто незаконна захапіў і ўтрымлівае ўладу ў Беларусі. І, вядома, раскажу пра становішча беларусаў і беларусак, вымушаных пакінуць краіну ў выніку жорсткіх рэпрэсіяў.
Цяпер, як ніколі, Беларусь мае патрэбу ў непахіснай салідарнасьці міжнароднай супольнасьці. Мы ведаем, што па ўсім сьвеце ў нас ёсьць багата сяброў і саюзьнікаў, гатовых дапамагчы нам у нашай справядлівай і няпростай барацьбе за свабоду. Я еду ў ЗША, каб голас свабоднай Беларусі быў пачуты — гучна і выразна. Надышоў час для рашучых дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мерапрыемствах ААН у Нью-Ёрку бяруць удзел Сьвятлана Ціханоўская і дэлегацыя ад афіцыйнага Менску
Сьпіс мерапрыемстваў з удзелам Ціханоўскай
23 верасьня
Сумеснае з Дэлегацыяй Эўрапейскага зьвязу пры ААН мерапрыемства: «Палітычныя зьняволеныя ў Беларусі», Нью-Ёрк.
24 верасьня
Выступ на Глябальным форуме будучыні Атлянтычнай рады, Нью-Ёрк.
Панэльная дыскусія на саміце Concordia па супрацоўніцтве ў Эўропе.
Гутарка з Гілары Клінтан і Юліяй Навальнай на нарадзе Глябальнай ініцыятывы Клінтана, Нью-Ёрк.
Паказ для прэсы беларускага Свабоднага тэатра, Нью-Ёрк.
25 верасьня
Гутарка ў Perry World House, Унівэрсытэт Пэнсыльваніі, Філядэльфія.
26 верасьня
Цырымонія ўручэньня прэміі Фонду Лантаса, Вашынгтон.
Выступ на Форуме CEPA, Вашынгтон
27 верасьня
Гутарка ў Чыкаскай радзе міжнародных адносінаў, Чыкага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб становішчы палітвязьняў у Беларусі, у ёй згадалі журналіста Свабоды Ігара Лосіка