Генэральная асамблея Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі (FIDE) захавала абмежаваньні на ўдзел у спаборніцтвах шахматыстаў зь Беларусі і Расеі, і дазволіла дзецям да 12 гадоў і шахматыстам з абмежаванымі магчымасьцямі з гэтых краін ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад сьцягам FIDE.
Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Генэральнай асамблеі FIDE 22 верасьня пасьля разгляду прапановы кіраўніка шахматнай фэдэрацыі Кіргізстану Бабура Талбаева аднавіць правы беларусаў і расейцаў на ўдзел у спаборніцтвах пад сваім сьцягам. FIDE прапанавала прадоўжыць дзейныя абмежаваньні — беларускія і расейскія шахматысты могуць выступаць толькі пад сьцягам Міжнароднай шахматнай асацыяцыі.
За скасаваньне санкцый аддалі 21 голас, за іх поўнае захаваньне — 41, за рэкамэндацыі FIDE — 66.
У сакавіку 2022 году Міжнародная шахматная фэдэрацыя дапусьціла расейскіх і беларускіх шахматыстаў да ўдзелу ў спаборніцтвах толькі ў нэўтральным статусе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заклікала FIDE забараніць удзел у спаборніцтвах беларускіх і расейскіх шахматыстаўСёлета 18 верасьня міністар моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бедны і міністар замежных спраў Андрэй Сыбіга падпісалі ліст у Міжнародную шахматную фэдэрацыю (FIDE) з заклікам не аднаўляць правоў беларускай і расейскай шахматных фэдэрацый і забараніць удзел расейскіх і беларускіх шахматыстаў у спаборніцтвах.
Сваю прапанову ўкраінскія міністры аргумэнтавалі тым, што расейскія і беларускія спартовыя арганізацыі зьяўляюцца інструмэнтам дзяржаўнай палітыкі гэтых краін. «Допуск іх да спаборніцтваў будзе азначаць легітымізацыю вайны, якую вядуць гэтыя краіны», — адзначалася ў лісьце.
У выніку расейскай агрэсіі, падтрыманай Беларусьсю, загінулі больш за 500 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў, у тым ліку 21 шахматыст. Яшчэ два шахматысты лічацца зьніклымі бязь зьвестак.
У чэмпіянаце сьвету ў шахматах у 2023 годзе, які праходзіў у Казахстане, расейскія і беларускія спартоўцы ўдзельнічалі пад сьцягам FIDE у нэўтральным статусе.