Рэйтынгавае агенцтва BIK Ratings склала шкалу раёнаў Беларусі паводле іх інвэстыцыйнай прывабнасьці.
Агенцтва склала рэйтынг 119 рэгіёнаў Беларусі на падставе чатырох паказчыкаў:
- «Эканоміка прадпрыемстваў і раёну»,
- «Сацыяльнае разьвіцьцё»,
- «Інвэстыцыйная інфраструктура»,
- «Лягістыка».
Тры першыя месцы — у Менскай вобласьці. Менск атрымаў найвышэйшыя балы за стан эканомікі прадпрыемстваў і інвэстыцыйнай інфраструктуры. Менскі раён перамог усіх у частцы сацыяльнага разьвіцьця і заняў другое месца. На трэцім — Смалявіцкі раён, дзе знаходзіцца індустрыяльны парк «Вялікі камень».
Гомельскі раён заняў чацьвёртае месца, Віцебскі — пятае. У той жа час траціна раёнаў Гомельскай вобласьці аказаліся сярод 13 горшых рэгіёнаў Беларусі ў інвэстыцыйнай прывабнасьці.
Самыя нізкія паказьнікі ў раёнаў на мяжы з Украінай. Апошняе месца — у Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласці. У пяцёрцы аўтсайдэраў таксама Ельскі, Нараўлянскі, Глускі і Брагінскі раёны.
- Рэйтынг інвэстыцыйнай прывабнасьці рэгіёнаў склала беларускае агенцтва BIK Ratings — адзінае, якое мае акрэдытацыю Нацбанку Беларусі на складаньне рэйтынгаў.
- Гэтае агенцтва таксама складае цяпер рэйтынгі беларускіх банкаў. Бо ў 2021 г. праз санкцыі ўсе рэйтынгі беларускіх банкаў былі адкліканыя міжнародным рэйтынгавым агенцтвам Fitch Ratings.