Атакі на склады боепрыпасаў у пасёлку Каменны Ціхарэцкага раёну Краснадарскага краю і на 23-і арсэнал Галоўнага артылерыйскага ўпраўленьня міністэрства абароны Расеі каля пасёлка Кастрычніцкі ў Цьверскай вобласьці пацьвердзілі ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
Паводле інфармацыі ведамства, на складзе боепрыпасаў у Ціхарэцкім раёне ў момант удару знаходзіўся чарговы эшалён, які даставіў сама меней 2 тысячы тон боепрыпасаў, у тым ліку і з КНДР. Украінскі Генэральны штаб называе гэты склад «адным з ключавых у лягістычнай сыстэме расейскіх войскаў».
Раней кіраўнік Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў паведаміў, у ноч на 21 верасьня два дроны ў Ціхарэцкім раёне былі «прыгнечаныя сіламі СПА і РЭБ». Губэрнатар не ўдакладніў месца, якое трапіла пад атаку дронаў, але паведаміў, што з прычыны падзеньня абломкаў аднаго зь іх пачаўся пажар, які «перайшоў на выбухованебясьпечныя прадметы». Пачалася дэтанацыя.
У мэтах бясьпекі праводзяць часовую эвакуацыю жыхароў пасёлка, які знаходзіцца побач зь месцам узгараньня, у найбліжэйшыя населеныя пункты, паведаміў Кандрацьеў. У Ціхарэцку разгарнулі пункт часовага разьмяшчэньня. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых сярод жыхароў раёну няма, адзначыў чыноўнік.
Тэлеграм-канал Astra у сваю чаргу паведаміў, што ўначы пад удар бесьпілётнікаў таксама трапіў склад боепрыпасаў у Цьверскай вобласьці — у пасёлку Акцябрскі. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра магутныя выбухі, тэлеграм-каналы публікуюць відэа.
Зьвесткі Astra ускосна пацьвярджаюць спадарожнікавыя здымкі NASA, на якіх відаць пажар у пасёлку Акцябрскі. Маніторынгавая група тэлеграм-каналу «Крымский ветер» па выніках аналізу спадарожнікавых здымкаў таксама фіксуе магутны пажар на 23 арсэнале ГРАУ каля пасёлка Кастрычніцкі ў Цьверскай вобласьці.
Урад Цьверскай вобласьці паведаміў пра зьнішчэньне двух дронаў над тэрыторыяй вобласьці, іншых падрабязнасьцяў не прыводзіцца. Расейскае агенцтва РІА «Новости» з спасылкай на мясцовую чыгунку паведамляе пра «эвакуацыю пасажыраў і пэрсаналу вакзала з прычыны інцыдэнту ў раёне чыгуначнай станцыі Старая Таропа ў Цьверскай вобласьці, пацярпелых і пашкоджаньняў інфраструктуры, папярэдне, няма».
Мінабароны Расеі заявіла, што агулам уначы сілы СПА перахапілі і знішчылі 101 украінскі дрон над расейскімі рэгіёнамі, зь іх 53 дроны — над тэрыторыяй Бранскай вобласьці, 18 — над тэрыторыяй Краснадарскага краю, 5 — над тэрыторыяй Калускай вобласьці, па 3 дроны над тэрыторыямі Цьверскай і Белгарадзкай вобласьцяў, па адным над тэрыторыямі Смаленскай, Курскай вобласьцяў і акупаванага Расеяй Крыму, 16 бесьпілётнікаў — над акваторыяй Азоўскага мора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Цьвярской вобласьці Расеі эвакуацыя: пасьля ўдару дрона, як мяркуецца, загарэўся склад з «Іскандэрамі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад расейскім Варонежам аб’явілі эвакуацыю з прычыны дэтанацыі боепрыпасаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варонескай вобласьці Расеі сотні жыхароў пакінулі дамы праз выбухі боепрыпасаў на складзе пасьля атакі дронаў