Кітай выдзеліць Беларусі 300 мільёнаў юаняў на два праекты ў парку «Вялікі камень»

Сьцягі Беларусі і Кітаю ў парку «Вялікі камень». Ілюстрацыйнае фота

Тэхніка-эканамічную дапамогу выдзяляюць па просьбе Менску.

Кітай выдзеліць Беларусі тэхніка-эканамічную дапамогу ў памеры 300 мільёнаў юаняў (крыху больш за 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) на рэалізацыю двух праектаў на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

Як вынікае з апублікаваных на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнтаў, мова ідзе аб будаўніцтве другога жылога арэнднага комплексу і ўкараненьні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.

Прадугледжваецца, што жылы комплекс будзе разьлічаны на 173 кватэры і 80 паркавальных месцаў. Агульная плошча пад будаўніцтва складае прыблізна 15 800 квадратных мэтраў.

«Беларусбанк» і Дзяржаўны банк разьвіцьця Кітая супольна адкрыюць безадсоткавыя і безкамісійныя рахункі ў кітайскіх юанях для перарахунку тэхніка-эканамічнай дапамогі.

У пачатку жніўня ўрад Беларусі зацьвердзіў новы генэральны плян кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для будоўлі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» зьліквідуюць біялягічны заказьнік «Маяк»


У склад беларуска-кітайскага індустрыяльнага цэнтру «Вялікі камень» уключылі Нацыянальны аэрапорт «Менск», які па-ранейшаму будзе лічыцца тэрыяторыяй Менску. Агульная плошча парку складае 11 761 га. У яго межы ўваходзяць 15 сельскіх паселішчаў, некалькі садовых таварыстваў, а таксама біялягічны заказьнік нацыянальнага значэньня «Валмянскі», зона адпачынку «Вясёлка» і біялягічны заказьнік «Маяк» (функцыянаваньне гэтага заказьніка спыняць).

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» мае асаблівы праўны рэжым і падатковыя льготы. Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзыдэнта. Цяпер у парку 100 рэзыдэнтаў, чысты прыбытак кампаніяў парку за 2022 год — 34,1 мільёна рублёў.

Праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень», разьлічаны на выкарыстаньне транспартна-лягістычных магчымасьцяў Беларусі, пасьля 2020 году апынуўся пад пытаньнем з прычыны палітыкі беларускіх уладаў, якая ўскладніла адносіны з Захадам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа кітайскі балянсір? Роля Паднябеснай у замежнай палітыцы Беларусі