У фільме Юрась Зянковіч, які знаходзіцца ў няволі 3,5 года, выглядаў моцна схуднелым. Верагодна, пад прымусам ён агучваў нібыта дэталі пляну зрынаньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Свабода кіруецца правілам не цытаваць выказваньняў, невядома якім спосабам атрыманых ад чалавека, які знаходзіцца ў зьняволеньні.
Падобна, запіс адбываўся ў сьценах крытай турмы № 4 у Магілёве, вядомай сваімі надзвычай жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня палітычных зьняволеных.
У канцы відэа Зянковіч, грамадзянін Беларусі і ЗША, зьвярнуўся да кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Камалы Гарыс і Дональда Трампа з просьбай паспрыяць яго вяртаньню да сям'і ў Х'юстан (штат Тэхас).
Справа Зянковіча
Менскі абласны суд разглядаў справу аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» з 29 ліпеня 2022 году. 5 верасьня 2022 году фігурантам агучылі прысуд:
- Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі,
- Аляксандру Фядуту — 10 гадоў,
- Рыгору Кастусёву — 10 гадоў,
- Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.
- Вольга Галубовіч — 2,5 года.
Зянковіча абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»).
Фядуту і Кастусёва — паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»).
Галубовіч і Краўчука — паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Фігурантамі справы былі таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія жывуць за мяжой.
Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 году.
Лукашэнка раней заявіў, што абвінавачаныя нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.
У сьнежні 2022 году над Зянковічам адбыўся новы суд, ужо па абвінавачаньні ў «абразе прадстаўніка ўлады» — гэта 369 артыкул КК. Як кажуць праваабаронцы, палітвязьню дадалі паўгода да раней прызначанага тэрміну.
Вядома, што ў час расьсьледаваньня справы аб «змове з мэтай захопу ўлады» Юры Зянковіч заключыў дамову зь сьледзтвам, а на судзе прызнаў віну і папрасіў прабачэньня ў Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука.
Летам 2024 году Рыгор Кастусёў выйшаў на волю праз памілаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ужо дома, з жонкай. Выглядае бадзёра, але бяз вусаў». Выйшаў на волю палітвязень Рыгор КастусёўЮры Зянковіч пачаў адбываць пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2, цяпер яго ўтрымліваюць у больш жорсткіх умовах у турме № 4 у Магілёве.
Сёлета ў ліпені праваабаронцы паведамілі, што Юрыя Зянковіча будуць зноў судзіць 7 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу («Грубае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Яму пагражаў дадатковы год зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зноў судзяць Зянковіча, якога раней пакаралі 11 гадамі зьняволеньня за «змову аб захопе ўлады» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Зянковіча адправілі ў ШЫЗА, ён абвясьціў галадоўку; Рубец правёў у ШЫЗА 40 дзён