«Я рада, што маці пяцярых дзяцей, Вольга Залатар, нарэшце вольная пасьля адбыцьця свайго несправядлівага тэрміну. Але мне балюча думаць аб тым, як зь ёй абыходзіліся і як яе трымалі ўдалечыні ад сям’і на працягу 3,5 гадоў. Спадзяюся, усе бацькі, якія знаходзяцца ў закладніках рэжыму, неўзабаве змогуць зноў абняць сваіх дзяцей», — напісала Ціханоўская.
Раней сёньня стала вядома, што маці пяцярых дзяцей Вольга Залатар выйшла на волю. Пра гэта паведаміла «Эўрарадыё» з спасылкай на яе сяброў.
Залатар затрымалі 18 сакавіка 2021 году. Тады былы адвакат жанчыны заявіў, што падчас допытаў яе зьбівалі і «выбівалі» паролі ад тэлефона. У Менгарсудзе 3 сьнежня 2021 году Вользе прысудзілі чатыры гады калёніі.
Яе прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»), ч. 1 і 2 арт. 342 КК («арганізацыя і навучаньне дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 КК («дапамога ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Вольга не прызнала віны па ніводным артыкуле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень маці за кратамі. 5 гісторый беларусак, якіх улады разлучылі зь дзецьмі