Фонд утварылі 8 беларускіх грамадзкіх арганізацый і Нарвэскі Хэльсынскі камітэт, фармальна ён пачне дзейнічаць з кастрычніка. Першы ўнёсак у Фонд памерам 850 тысяч эўра пералічвае ўрад Нарвэгіі. Арганізатары фонду разьлічваюць на дапамогу краінаў Эўразьвязу і Паўночнай Амэрыкі, асобных мэцэнатаў. Заяўлена, што ўжо пацьверджаныя ўнёскі на 1,4 мільёна эўра.
Сьвятлана Ціханоўская расказала, што ідэя стварэньня фонду ўзьнікла ў 2023 годзе, калі стала зразумела, што рэпрэсіі ў Беларусі не зьмяншаюцца.
«Гэта толькі пачатак. На кожнай міжнароднай сустрэчы мы просім укладаць грошы ў Фонд, бо гэтая дапамога камусьці ўратуе жыцьцё. Першай адгукнулася Нарвэгія», — паведаміла Сьвятлана Ціханоўская на прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла 19 верасьня ў Беларускім доме.
Паводле Аляксея Лявончыка з ByHelp, Міжнародны гуманітарны фонд будзе аказваць фінансавую дапамогу палітвязьням і іхным сем’ям у Беларусі, але не выключаецца, што пазьней дапамога пашырыцца і на тых, хто выехаў з краіны.
«Міжнародны гуманітарны фонд — гэта ня новая арганізацыя, але новы інструмэнт здабычы рэсурсаў і аказаньня дапамогі палітвязьням. Усе рашэньні будуць прымацца калегіяльна, вынікі будуць празрыстымі, але з захаваньнем пратаколаў бясьпекі, якія сябе ўжо зарэкамэндавалі», — запэўніў Аляксей Лявончык.
Андрэй Стрыжак з фонду BySol, яшчэ адной арганізацыі, якая ўтварыла Міжнародны гуманітарны фонд, сьцьвярджае, што толькі ў 2021 годзе людзі зь Беларусі часьцей зьвярталіся па дапамогу, чым цяпер.
«Апошнія тры гады мы стабільна атрымліваем каля 300 запытаў на год, зь іх на эвакуацыю — ад 10 да 15 заявак на тыдзень. Ня кожная заяўка сапраўды заканчваецца эвакуацыяй, але часам за адзін раз вывозім сем’і зь некалькіх чалавек. Штомесяц атрымліваем каля 30 заявак ад палітзьняволеных. А ўсяго штодня атрымліваем 2-3 новыя заяўкі і зь імі працуем», — паведаміў Андрэй Стрыжак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, хто можа заняць месца Вольгі Гарбуновай у Аб’яднаным пераходнага кабінэцеХто будзе кіраваць фондам
Заснавальнікі Міжнароднага гуманітарнага фонду вырашылі, што кіраўніцтва ў ім будзе калектыўным: у праўленьне фонду ўвойдуць па адным прадстаўніку ад васьмі арганізацый – стваральнікаў фонду. Калі зьявяцца новыя арганізацыі-ўдзельніцы, іх прадстаўнікам дадуць месца ў праўленьні.
Таксама дзейнасьць праўленьня будзе кантраляваць назіральная рада, у якую ўвойдуць па тры прадстаўнікі ад грамадзкіх беларускіх арганізацый, мэдыя і міжнародных арганізацый. Але імёны гэтых назіральнікаў пакуль не названыя.
«На сваім першым паседжаньні яны самі вырашаць, наколькі публічна будуць дзейнічаць», — было сказана на прэсавай канфэрэнцыі фонду.
Ці будзе кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай кіраваць фондам
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, працу фонду трэба наладзіць гэтак, каб «не было сумневу, што дапамога дайшла да адрасатаў». Але ўмешвацца ў далейшую працу фонду кабінэт ня мае намеру, запэўніла Сьвятлана Ціханоўская.
«Мы будзем толькі здабываць грошы, але разглядаць заяўкі, разьмяркоўваць дапамогу і забясьпечваць яе атрыманьне будзе калектыўнае кіраўніцтва. Трэба не забываць вельмі важную рэч: дапамога рэпрэсаваным не замяняе працы ў вызваленьні палітвязьняў. У прыярытэце застаецца вызваленьне зь вязьніц усіх палітзьняволеных», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Дзе будзе офіс
Паводле Андрэя Стрыжака, звычайна ад 20 да 30% бюджэту грамадзкай арганізацыі ідзе на ўнутраныя патрэбы. Арганізатары Міжнароднага гуманітарнага фонду абяцаюць гэты парадак парушыць.
«Будзем імкнуцца да нулявых выдаткаў, каб тыя сумы, якія паступаюць ад мэцэнатаў, цалкам ішлі на дапамогу. Усю „адміністрацыйку“ можна перакласьці на нашы арганізацыі», — прапанаваў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
Паводле рашэньня заснавальнікаў Міжнароднага гуманітарнага фонду у яго ня будзе ўласнага офісу, што дазволіць да мінімуму скараціць выдаткі. Сябры фонду маюць намер кантактаваць праз сродкі сувязі ўласных арганізацый.
«Але пытаньні бясьпекі застанецца ў прыярытэце, на гэтым эканоміць ня будзем», — запэўніла Вольга Зазулінская.