У Тбілісі забілі папулярную трансгендэрную мадэль Кесарыю Абрамідзэ. Ёй было 37 гадоў. МУС Грузіі паведаміла, што затрымала 26-гадовага падазраванага ў забойстве, паведамляе грузінская служба Радыё Свабода.
Абрамідзэ — самая вядомая транс-жанчына ў Грузіі. Яе рэгулярна запрашалі на розныя ток-шоў, яна здымалася ў сэрыялах і часта давала інтэрвію. У 2018 годзе Абрамідзэ прадстаўляла Грузію на конкурсе прыгажосьці Miss Trans Star International у Барсэлёне.
Па вэрсіі сьледзтва, затрыманы забіў Абрамідзэ ў яе дома. На целе 37-гадовай Абрамідзэ знайшлі шматлікія нажавыя раненьні. Грузінскія СМІ паведамляюць, што падставай для забойства стала фота, якое распаўсюдзілася ў сацсетках. Пра які здымак ці здымкі ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
Першапачаткова справу расьсьледавалі паводле артыкулу «наўмыснае забойства» (арт. 108 КК Грузіі), але потым яго перакваліфікавалі на артыкул «наўмыснае забойства пры абцяжлівых абставінах» (109 КК), па якім падазраванаму пагражае ад 16 гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Сябры Абрамідзэ расказалі, што яна доўгі час была ў аб’юзіўных адносінах. У красавіку Абрамідзэ прызналася, што неаднаразова станавілася ахвярай гвалту з боку былога партнэра. Паводле яе, у адным з такіх выпадкаў ёй удалося выжыць толькі дзякуючы дапамозе суседзяў.
На тое, што здарылася, адрэагавала прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
«Можа, гэта нарэшце разбудзіць наша грамадзтва, якое загразла ў нянавісьці. Нянавісьці, якая дае ворагу ўсе магчымасьці для маніпуляцый, аслабляе нас і падзяляе», — напісала яна ў фэйсбуку.
Выданьне The Insider адзначае, што гэта ўжо трэцяе за апошнія гады рэзананснае забойства трансгедэрнай жанчыны ў Грузіі. А летась у Тбілісі тысячы мясцовых жыхароў разграмілі ЛГБТ-фэстываль, беспарадкі ў горадзе працягваліся некалькі дзён.
За дзень да сьмерці Кесарыі Абрамідзэ парлямэнт Грузіі прыняў пакет законаў, паводле якіх правы ЛГБТ-людзей будуць сур’ёзна абмежаваныя. Яны прадугледжваюць увядзеньне забароны на трансгендэрны пераход, усынаўленьне і апеку над непаўналетнімі для аднаполых пар, а таксама на правядзеньне сходаў, накіраваных на «папулярызацыю» аднаполых шлюбаў, трансгендэрнага пераходу і ўсынаўленьня дзяцей аднаполымі парамі.
За дакумэнт прагаласавалі 84 дэпутаты, супраць ня выказаўся ніхто. Прыняты дакумэнт рэзка раскрытыкавалі ў Эўразьвязе, кандыдатам на ўступленьне ў які зьяўляецца Грузія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні пакет законаў з абмежаваньнямі супраць ЛГБТ+