У Нарвэгіі 18 верасьня заявілі, што выявілі павышаныя ўзроўні радыяактыўнага цэзію (Cs-137) паблізу арктычнай мяжы з Расеяй, верагодна, выкліканыя ляснымі пажарамі паблізу Чарнобылю ва Ўкраіне, паведаміла агенцтва Reuters.
Нарвэскае ўпраўленьне радыяцыйнай і ядзернай бясьпекі (DSA) заявіла пра выяўленьне «вельмі нізкага», але ўсё ж павышанага ўзроўню радыяактыўнага цэзію ў Свангоўдзе з 9 па 16 верасьня і ў Вікшэф’елі з 5 па 12 верасьня — паблізу арктычнай мяжы з Расеяй (гэта каля 2 тысяч кілямэтраў ад Чарнобыльскай АЭС).
«DSA заўсёды выяўляе цэзій на ўсіх станцыях ачысткі паветра ў Нарвэгіі, і ён часта зьяўляецца з прычыны падняцьця пылу ад старых ападкаў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — гаворыцца ў паведамленьні DSA. — Гэтым разам, хутчэй за ўсё, вінаваты лясны пажар вакол Чарнобылю».
Гэтыя ўзроўні не нясуць небясьпекі для людзей або навакольнага асяродзьдзя, дадалі ў ведамстве.
Фінскае ўпраўленьне радыяцыі і ядзернай бясьпекі таксама заявіла, што на ўсіх васьмі станцыях збору былі выяўленыя крыху завысокія ўзроўні цэзію.
«Выяўленая колькасьць вельмі малая, — заявілі ў Фінскім упраўленьні радыяцыі і ядзернай бясьпекі. — Найбольш высокі зафіксаваны вынік цяпер склаў 11 мікрабэкерэляў на кубічны мэтар, у той час як звычайныя паказаньні на станцыях складаюць менш за адзін мікрабэкерэль на кубічны мэтар», — дадалі ў ведамстве.
У ведамстве Фінляндыі таксама выказалі здагадку, што больш высокія ўзроўні цэзію маглі выклікаць лясныя пажары на тэрыторыі Ўкраіны, дадаўшы, што паветраныя пактокі ішлі з боку Чарнобылю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 фактаў пра Цэзій-137 або радыяцэзійШто папярэднічала
Ва Ўкраіне з пачатку верасьня ў зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС змагаліся з пажарамі. 17 верасьня ў Міністэрстве абароны навакольля і прыродных рэсурсаў Украіны паведамілі аб іх лякалізацыі. Агулам ад пажару пацярпелі больш за 2600 гектараў тэрыторыі. Складанасьці з тушэньнем пажару былі зьвязаныя зь неабходнасьцю разьмінаваньня на некаторых участках.
У беларускай частцы зоны адчужэньня ЧАЭС таксама адбыўся пажар на плошчы 14,5 гектара на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка.
Цягам усёй барацьбы з пажарамі абодва бакі заяўлялі, што радыяцыйны фон не перавышае кантрольныя ўзроўні, і пра адсутнасьць пагрозаў для насельніцтва.
18 верасьня прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў таксама заявіў, што расейскія службы не давалі ніякіх папярэджаньняў аб павышэньні ўзроўню радыяцыі ў атмасфэры.
На мапе онлайн-маніторынгу радыцыяйнага фону ў краінах Эўразьвязу цягам усяго пэрыяду, калі абываліся пажары ў зонах адчужэньня Беларусі і Ўкраіны, можна пабачыць зусім нязначныя адхіленьні, якія рэгістраваліся і раней сёлета ў жніўні.
Маштабы сёлетніх пажараў у чарнобыльскай зоне былі значна меншымі, чым у 2016 і 2020 гадах.
Цэзій-137 — адзін з галоўных кампанэнтаў радыяактыўнага забруджваньня біясфэры. Утрымліваецца ў расьлінах і арганізьме жывёл і чалавека. Пэрыяд яго паўраспаду складае 30 гадоў. З моманту чарнобыльскай катастрофы прайшло 38 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абвясьцілі штармавое папярэджаньне. Ва Ўкраіне пераконваюць, што пажары ў Чарнобылі лякалізавалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарыць лес на тэрыторыі Палескага радыяцыйнага-экалягічнага запаведніка