Рэзалюцыю прынялі большасьцю галасоў: дакумэнт падтрымалі 549 парлямэнтароў, 21 прагаласаваў супраць, 37 устрымаліся.
Праект рэзалюцыі Эўрапарлямэнту (канчатковы тэкст пакуль не апублікаваны) зьмяшчае 9 пунктаў. У дакумэнце ад беларускіх уладаў патрабуюць неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязьняў і адвольна затрыманых асобаў.
У ім выказваецца асаблівая заклапочанасьць тым, што некаторых палітзьняволеных шмат месяцаў трымаюць бяз сувязі са зьнешнім сьветам і што пра іх стан немагчыма атрымаць інфармацыю — адзначаецца, што іх ізалююць, кепска абыходзяцца зь імі і проста катуюць. У прыватнасьці, згадваюцца Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Паліна Шарэнда-Панасюк, Павал Севярынец, Аляксандар Ярашук, Мікіта Залатароў і Яна Пінчук.
У праекце рэзалюцыі выказваюць шкадаваньне, што ніхто зь беларускіх палітзьняволеных ня трапіў у міжнародны абмен вязьняў, і заклікаюць ЭЗ актывізаваць намаганьні па іх вызваленьні, падтрымліваць беларускіх палітвязьняў і іх сем’і і спрашчаць працэдуры атрыманьня візаў і часовых пасьведчаньняў асобы «для тых, хто ўцякае зь Беларусі».
Таксама ў праекце рэзалюцыі зьмяшчаецца заклік да ЭЗ і ягоных краін-чальцоў пашырыць і ўзмацніць санкцыі супраць асобаў і арганізацый, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама «працаваць над прыцягненьнем да адказнасьці за злачынствы рэжыму Лукашэнкі і актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі».
У дакумэнце выказваюць занепакоенасьць перасьледам беларусаў у эміграцыі, згадваючы «300 000 беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з 2020 году і сутыкнуцца з палітычным перасьледам за мяжой», і ўзгадваюць справу беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта, заклікаючы Сэрбію ўстрымацца ад ягонай экстрадыцыі, а ЭЗ і дзяржавы-сябры — сачыць за ягонай справай.
Парлямэнтары ў дакумэнце ацэньваюць «выбары 2020 году як ашуканскія» і патрабуюць «ад беларускіх уладаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і адвольна затрыманых асоб».
18 верасьня на сэсіі ў Страсбуры эўрапейскія парлямэнтары абмеркавалі сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце абмяркоўваюць рэзалюцыю «Аб цяжкім становішчы палітвязьняў у Беларусі»Сьвятлана Ціханоўская падзякавала Эўрапейскаму парлямэнту за прыняцьце рэзалюцыі, якая падкрэсьлівае цяжкае становішча палітвязьняў у Беларусі.
«Гэта ясны сыгнал рэжыму Лукашэнкі, што міжнародная супольнасьць не заплюшчвае вочы на рэпрэсіі, катаваньні і несправядлівыя суды. Асабліва важна, што ў рэзалюцыі згадваюцца імёны тых, хто стаў сымбалямі гэтай барацьбы: Алесь Бяляцкі, Ігар Лосік, Марыя Калесьнікава і многія іншыя. Усе яны павінны быць неадкладна вызваленыя, а рэпрэсіі спыненыя».