У Гомельскай вобласьці затрымалі сама меней 7 чалавек
Сілавікі затрымалі ў Гомельскай вобласьці сама меней 7 чалавек. Іх абвінавачваюць у падпісках на «экстрэмісцкія» каналы.
Відэа з затрыманымі апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медиазона». На камэру некаторыя затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «забароненыя» каналы. Адна з затрыманых на відэа прызнаецца, што дрэнна ставіцца да дзейнай улады. Яшчэ адзін з паказаных у роліку кажа, што ня мае ніякіх падпісак і не зьяўляецца «палітычным чалавекам».
У трох з 7 чалавек, якіх паказалі ў роліку, схаваныя твары. Хоць двое зь іх таксама паведамляюць, што былі падпісаныя на «забароненыя» каналы і пакідалі там камэнтары.
Паводле якога артыкула затрымалі людзей і дзе яны цяпер, невядома.
«Хапун» у Глыбокім — затрымалі мінімум 5 чалавек
У Глыбокім сілавікі затрымалі сама меней 5 чалавек, паведамляе «Вясна». Відэа з затрыманымі апублікаваў адзін з праўладных каналаў, блізкі да сілавікоў.
Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў Беларусі. На відэа сілавікоў паказана, як аднаго з затрыманых са зламанай рукой паклалі тварам на падлогу.
Паводле зьвестак «Віцебскай Вясны», затрымалі 12 чалавек, у тым ліку краязнаўцу і даўняга грамадзкага актывіста Паўла Лаўрыновіча. Частку затрыманых адразу адвезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Сцэнарыста з Барысава будуць судзіць за «заклікі да санкцыяў»
Кірыла Вевеля, 40-гадовага сцэнарыста з Барысава, будуць судзіць паводле артыкула аб закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі (артыкул 361 Крымінальнага кодэксу), піша «Наша ніва». Суд пачне разглядаць ягоную справу 23 верасьня.
Кірыла Вевеля затрымалі ў студзені 2024 году. Спачатку яго адправілі на «суткі», абвінаваціўшы ў «дробным хуліганстве» (артыкул 19.1 КаАП), а пасьля завялі крымінальную справу.
Кірыл Вевель скончыў БДУ, працаваў у некалькіх арганізацыях, якія прадаюць прамысловую тэхніку, сам быў заснавальнікам кампаніі «Грыккам-вектар», яна праіснавала з 2015 па 2021 год. Пісаў песьні і сцэнары, значыцца ў рэестры нацыянальных праваўладальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 верасьня: у Берасьці і Менску судзяць жанчын, якія дапамагалі палітвязьням
У Століне затрымалі як мінімум 5 чалавек
Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманыя «займаліся экстрэмісцкай дзейнасьцю», паведамляе «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 жніўня: затрымалі мужчыну, які ў 2020-м карміў пратэстоўцаў дранікамі; новае затрыманьне за камэнтары