Youtube-каналы 18 беларускіх дзяржаўных СМІ заблякавалі ў Літве

Відэахостынг Youtube заблякаваў на сваёй плятформе вяшчаньне на Літву беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, радыё і агенцтва, якія ўваходзяць у склад дзяржаўнага мэдыяхолдынгу Белтэлерадыёкампанія, паведамляе LRT.

У публікацыі LRT гаворыцца пра блякаваньне ў Літве 18 Youtube-каналаў. У ёй пералічаныя рэсурсы інфармацыйнага агенцтва АТН, тэлеканалаў «Беларусь-1», «Беларусь-2», «Беларусь-3», «Беларусь-5», «Беларусь-4. Брэст», «Беларусь-4. Віцебск», «Беларусь-4. Гомель», «Беларусь-4. Гродна», «Беларусь-4. Магілёў», ТБ-праектаў Factor.by і ZonaX, а таксама радыёстанцый «Радыус-FM», «Радыус FM Дом», «Радыё Сталіца», «Радыё 1» і «Радыё Беларусь».

У Google з просьбай заблякаваць акаўнты тэлерадыёкампаніі ў ліпені 2024 году зьвярнулася Літоўская камісія па радыё і тэлевізіі.

«Мы ўдзячныя Літве за ініцыятыву, гэта прэцэдэнт. Аднак мае сэнс блякаваць прапагандысцкія каналы на плятформе ўвогуле, а ня толькі ў асобных краінах», — адзначыў у камэнтары «Позірку» Франак Вячорка, галоўны дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай.

  • Раней пад санкцыі Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і Канады трапіў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Рада ЭЗ заявіла, што санкцыі супраць яго ўвялі, бо Эйсмант распаўсюджвае прапаганду і падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
  • Пасьля жорсткага задушэньня масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі, у адказ на парушэньне правоў чалавека і бесьперапынныя рэпрэсіі, краіны Захаду ўвялі супраць Беларусі некалькі пакетаў санкцыяў. 5 жніўня 2024 году, напярэдадні чацьвёртай гадавіны выбараў-2020, Эўразьвяз увёў санцыі супраць 28 журналістаў і сілавікоў, у тым ліку супраць гендырэктара найбуйнейшага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірыны Акуловіч, былога кіраўніка прэс-службы Лукашэнкі Дзьмітрыя Жука і вядоўцы праграмы «Сэнат» на тэлеканале СТВ Мікіты Рачылоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапаганда адпрацоўвае не ідэалёгію, а словы Лукашэнкі, — мэдыяэкспэртка Ірына Сідорская