Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле інфармацыі ДМК, латвіец «схаваў псыхатроп пад чахлом мабільнага тэлефона».
«Грамадзянін заяэджаў у краіну на аўто Cadillac SRX праз пункт пропуску „Грыгараўшчына“. Сабака мытнай службы імгненна паказаў на перамяшчэньне ім забароненых рэчываў. Грамадзянін гэты факт першапачаткова адмаўляў», — адзначае ДМК.
Віцебскія мытнікі даглядзелі асабістыя рэчы латвійца «і знайшлі амфэтамін», удакладняецца ў паведамленьні.
«І тады ўжо грамадзянін патлумачыў, што небясьпечны псыхатроп ён ужывае, каб не заснуць за рулём. Праведзена экспэртыза, пацьверджаны і той факт, што 1,06 г — гэта буйны памер для гэтага віду псыхатропу», — падкрэсьлівае ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянін Латвіі паехаў у Беларусь і зьнікАдносна грамадзяніна Латвіі распачалі справу паводле ч. 2 арт. 328(1) Крымінальнага кодэкса (Незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюзу і (або) Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсараў або аналягаў).
ДМК сьцьвярджае, што МЗС Латвіі і сваякі затрыманага былі «апэратыўна апавешчаныя» аб яго затрыманьні. «Нягледзячы на гэта, латвійскі бок учыняе правакацыі, абвяшчаючы праз СМІ аб зьнікненьні гэтага чалавека ў Беларусі праз неправамерныя дзеяньні беларускіх спэцслужбаў», — заяўляе мытны камітэт.
Аб зьнікненьні ў Беларусі грамадзяніна Латвіі Эмілса Асарса стала вядома 11 верасьня. У Беларусь ён прыехаў на аўтамабілі. Сьцьвярджалася, што 12 верасьня сваякам мужчыны паведамілі праз тэлефон, што ён затрыманы. Больш на кантакт зь імі ніхто зь Беларусі не выходзіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі канчаткова ўхвалілі законапраект аб забароне знаходжаньня ў краіне аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі18 верасьня стала вядома, што консульства Латвіі ў Віцебску зьвярнулася да беларускіх уладаў наконт зьнікненьня свайго грамадзяніна.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Латвіі Дыяна Эглітэ адзначыла, што «праз праблемы з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі і Расеі магчымасьці Латвіі аказваць дапамогу сваім грамадзянам у гэтых краінах вельмі абмежаваныя, а абмен інфармацыяй адбываецца вельмі марудна». У выніку «супрацоўніцтва Латвіі з Беларусьсю ў галіне юстыцыі зьведзенае да мінімуму».
Паводле Эглітэ, «нягледзячы на тое, што Латвія неаднаразова заклікала сваіх грамадзян пазьбягаць паездак у Беларусь праз рызыкі, латвійскія грамадзяне працягваюць уяжджаць у гэтую краіну».
Паводле інфармацыі ведамства, у 2022 годзе ў Беларусі былі затрыманыя 13 грамадзянаў Латвіі, у 2023-м — 15, у 2024-м — 11.